Каб хоць неяк кампенсаваць дэфіцыт свініны ў гандлёвай сетці (аб ялавічыне гаворка наогул не ідзе) і прапанаваць насельніцтву хоць нейкае мяса, беларускія ўлады былі вымушаныя на 10 % павысіць кошты на кураціну. Цуды беларускага коштаўтварэння і фармавання таварнай прапановы растлумачыў міністр эканомікі М. Снапкоў.
«На дадзены момант на рынку, сапраўды, ёсць некаторы дэфіцыт свініны, і кошты на яе растуць», — прызнаў міністр.
«Як паказвае жыццё, калі мяса на рынку мала, яго замяняльнікам выступае кураціна», — падзяліўся ён жыццёвым вопытам.
Праблема ў тым, што з курацінай у беларускіх крамах тыя ж праблемы, што і са свінінай. Розніца толькі ў тым, што дэфіцыт свініны склаўся з-за свіной чумы і няспрытнасці ўладаў, а адсутнасць кураціны выклікана ростам коштам на гэта прадукт у Расеі.
«Сёння мы маем іншую праблему: падняліся кошты на кураціну на расейскім рынку, і вытворцам стала значна больш выгодна адпраўляць мяса птушкі менавіта туды. Каб насыціць мясцовы рынак, кампенсуючы недахоп свініны, мы і паднялі з 21 мая на 10 % кошты на мяса птушкі. Цяпер вытворцам стане выгодна накіроўваць прадукцыю на ўнутраны рынак», — канстатаваў Снапкоў, якога цытуе газета «Рэспубліка».
Але і гэта яшчэ не ўсё. Па словах чыноўніка, такая коштавая чахарда і дэфіцытныя хвалі будуць працягвацца яшчэ доўга, ажно да таго моманту, пакуль на рынках РБ і РФ не будзе цалкам уніфікаванае цэнаўтварэнне.
«Мяркую, цягам некаторага часу адбудзецца досыць блізкая ўніфікацыя коштаўтварэння і даходаў, ва ўвязцы з лічбамі Расейскай Федэрацыі. Але хачу заўважыць: у любым выпадку ў гэтым будзе свая спецыфіка, свае стандарты і прынцыпы», — заявіў міністр.
«У нас даходы розныя. Таму кошты не могуць быць аднолькавыя», — растлумачыў Снапкоў.