У сталіцы затрыманыя арганізатар і ўдзельнікі наркасеткі

naruchnikiУ Мінску 12 чэрвеня каля дома № 120 па праспекце Пераможцаў пры рэалізацыі насення маку быў затрыманы жыхар сталіцы, у якога ў пяці арандаваных гаражах знойдзена і канфіскавана амаль 2,5 тоны насення, паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС.

Мерапрыемства па спыненні незаконнага бізнесу праводзілі супрацоўнікі ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС сумесна з калегамі з ГУУС Мінгарвыканкама і трох раённых упраўленняў сталіцы.

Устаноўлена, што на працягу двух гадоў мужчына пастаўляў мак у Беларусь з краін Заходняй Еўропы і рэалізоўваў яго наркаспажыўцам. Для павышэння ў маку канцэнтрацыі наркарэчываў у гаражах было ўстаноўлена спецыяльнае абсталяванне для змешвання насення з макавай саломай.

Для распаўсюджання маку фігурант арганізаваў цэлую сетку гэтак званых наркатаксі, якія фактычна манапалізавалі яго збыт у трох раёнах сталіцы.

Даведаўшыся пра затрыманне арганізатара наркасеткі, адзін з распаўсюджвальнікаў спрабаваў на сваёй аўтамашыне вывезці і перахаваць больш як 200 кг макавага насення, але таксама быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. У дачыненні да яго складзены адміністрацыйны пратакол за парушэнне норм дэкрэта прэзідэнта № 1 “Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага рэгулявання абароту насення маку”, за што прадугледжаны вялікі штраф і канфіскацыя транспартнага сродку.

Канфіскаваная сумесь накіраваная на экспертызу для ўстанаўлення колькаснага ўтрымання макавай саломы. Паводле яе вынікаў будзе прынята рашэнне аб распачынанні крымінальнай справы за незаконны абарот наркатычных сродкаў у дачыненні да арганізатара.

Астатнія ўдзельнікі злачыннай групы таксама ўстаноўлены. Вядзецца праца па дакументаванні іх супрацьпраўнай дзейнасці і прыцягненні да адказнасці.

Усяго сёлета ў краіне канфіскавана амаль 38 тон насення маку. У дачыненні да 64 чалавек складзена 75 пратаколаў. Паводле вынікаў іх разгляду накладзены штрафы больш як на 122 мільёны рублёў, у даход дзяржавы канфіскаваныя восем аўтамашын.

БелаПАН

author avatar
Zhukouski Kastus
Только самое горячее

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика