Несумнеўна, інстытут прыватнай уласнасці заўжды адыгрываў важнейшую ролю ў станаўленні грамадзяніна. Можна сцвярджаць, што прыватная ўласнасць нараджала грамадзяніна, а грамадзянін, у сваю чаргу, нараджаў дэмакратычны строй. Правільным з`яўляецца і адваротная выказванне: калі ў чалавека адсутнічае права ўласнасці, альбо, яго права ўласнасці сістэматычна парушаецца, то такі чалавек не можа быць сапраўдным грамадзянінам. Адпаведна, людзі, якія не могуць абараніць сваё права ўласнасці, не могуць жыць пры дэмакратычным строі.
Сучасны беларускі аўтарытарызм з`яўляецца дзіўным гістарычным фенаменам, бо Беларусь, у адрозненні ад іншых еўрапейскіх краін, мела даўнія традыцыі развітой дэмакратыі і самакіравання з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Тым не менш, узровень аўтарытарызму ў цяперашняй Беларусі перавышае нават аналагічны ўзровень у суседніх Расіі і Украіне – краінах з агульнай двухсотгадовай гісторыяй. Дадзены артыкул ставіць перад сабой мэту выявіць сувязь паміж сітуацыяй з правам прыватнай уласнасці ў Беларусі і росквітам беларускага аўтарытарызму. Ці парушаецца права прыватнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь? Ці могуць жыхары РБ быць “грамадзянамі з вялікай літары” і сапраўднымі гаспадарамі ўласнай маёмасці? Ці маюць беларусы перспектыву на пабудову дэмакратычнай дзяржавы?
З нядаўняй гісторыі
Расейская Імперыя зруйнавала моцныя традыцыі недатыкальнасці прыватнай уласнасці, якія існавалі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Аснова грамадзянства Рэчы Паспалітай – шляхта – была пазбаўлена тытулаў і маёмасці праз удзел у антыцарскіх паўстаннях. Расейскія імператары шчодра даравалі беларускія землі сваім фаварытам і палкаводцам – Пацёмкіну, Сувораву, Румянцаву. Шматлікія сяляне і гараджане страчвалі не толькі маёмасць, але і асабістую свабоду – яны пераводзіліся ў катэгорыю прыгонных сялян буйных расейскіх землеўладальнікаў. На працягу ўсяго 19-га стагоддзя расейская імператарская ўлада цалкам кантралявала ўсе працэсы жыцця беларускага грамадства.
Трагічны камуністычны эксперымент яшчэ больш паглыбіў крызіс права прыватнай ўласнасці на тэрыторыі Беларусі – некалькі пакаленняў беларусаў з Усходу і Захаду выраслі ў дзяржаўным строі, дзе прыватная ўласнасць лічылася абсалютным злом. Індустрыялізацыя, калектывізацыя і ліквідацыя кулакоў як класа зруйнавалі прыватны сектар эканомікі БССР, пазбавілі сялянаў зямлі і знішчылі эканамічныя стымулы для працы ў вялікага кола насельніцтва.
Пасля таго, як Беларусь атрымала дзяржаўны суверэнітэт у 1990 г., былі абвешчаны свабоды прадпрымальніцтва, свабоднае цэнаўтварэнне і максімальная адкрытасць рынкавай сістэмы Беларусі. Быў дадзены пачатак раздзяржаўленню і прыватызацыі: насельніцтву было дазволена выкупляць ва ўласнасць нерухомасць – кватэры, дачы і зямельныя ўчасткі. Пачалося стварэнне незалежных суб’ектаў рынкавай эканомікі – прадпрыемстваў і гаспадарак. Слова “прадпрымальнік” стала сінонімам заможнасці і поспеху.
З выбраннем Аляксандра Лукашэнкі першым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у 1994 г. стаўленне да прадпрымальнікаў змянілася да горшага. Лукашэнка пачаў разглядаць бізнесменаў як варожы клас, які ўяўляе істотную небяспеку для яго асабістай улады. Першы прэзідэнт асцерагаўся фінансавання буйным і дробным бізнесам яго палітычных праціўнікаў. З гэтай пары, шматлікія дэкрэты, пастановы і дырэктывы выканаўчай улады ператварылі існаванне беларускага бізнеса з “жыцця” ў “выжыванне”. Цэнтральная ўлада распачала актыўнае наступленне на эканамічна незалежныя суб`екты.
Буйны бізнес падчас Прэзідэнцкай Рэспублікі (з 1994 г.)
Здаецца, dejure ўсё заўжды выглядала проста цудоўна – права ўласнасці ў Беларусі ахоўваецца не горш, чым у развітых дэмакратычных еўрапейскіх краінах. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе права прыватнай уласнасці і абараняе недатыкальнасць уласнасці, набытай законным шляхам (Арт. 44). Грамадзянскі Кодэкс РБ (ад 7 снежня 1998 г. № 218-З) замацоўвае прынцып недатыкальнасці прыватнай уласнасці, набытай законным шляхам, а таксама дапускае магчымасць адчужэння прыватнай маёмасці толькі ў выпадку грамадскай неабходнасці, у парадку, вызначаным законам (Арт. 2). Тым не менш, de facto беларуская дзяржава нярэдка парушала канстытуцыйныя гарантыі прыватнай уласнасці. Разгледзім найбольш вядомыя прыклады і прэцэдэнты – ад буйнога бізнеса да дробных прадпрымальнікаў.
Пачнем з правіла “залатой акцыі”, якое дазваляла ўводзіць эканамічна выгаднае для беларускага ўрада размеркаванне прыбытку на акцыянерных прадпрыемствах, дзе ўдзельнічала хаця б адна дзяржаўная акцыя, пры гэтым ужо пасля фіксацыі размеркавання прыбытку паміж акцыянерамі. Правіла “залатой акцыі” спужала, бадай, не аднаго інвестара, і было адменена на фоне эканамічнай лібералізацыі ў 2008 г. Тым не менш, у 2013 г. “залатая акцыя” зноў трыумфальна вяртаецца ў беларускую эканоміку – на гэты раз у выглядзе інстытута “уладальніцкага надзора”. 28 чэрвеня 2013 г. Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні законапраект, згодна з якім у акцыянерных аб’яднаннях, створаных у працэсе прыватызацыі, дзе доля дзяржавы скаладае менш за 50 %, альбо, дзе ў дзяржавы ўвогуле адсутнічае доля, улада бярэ на сябе права выступаць ад імя мінарытарных акцыянераў, незалежна ад іх згоды. Такім чынам, улада фактычна можа блакаваць любыя рашэнні акцыянерных аб’яднанняў.
Указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь таксама нярэдка парушалі права прыватнай уласнасці: гэта і прымусовая трансфармацыя акцыянерных прадпрыемстваў (напрыклад, зліццё Ашчаднага банка Рэспублікі Беларусь і Акцыянернага камерцыйнага банка “Беларусбанк” у 1995 г.), прымусовае павелічэнне долі дзяржаўных акцый у беларускіх камерцыйных банках (Указ Прэзідэнта РБ № 209), прымусовае ільготнае крэдытаванне камерцыйнымі банкамі прадпрыемстваў аграпрамысловага комплекса ў рамках падтрымкі дзяржаўных праграм .
Беларускае кіраўніцтва не цуралася выкарыстоўваць нават такі “брудны” метад з юрыдычнага пункту гледжання, як ўвядзенне механізму зваротнага дзеяння законаў і падзаконных актаў з мэтай спагнання грашовых сродкаў. Так, згодна з Указам № 289 Прэзідэнта РБ 1998 г., усе прыватныя натарыусы павінны былі выплаціць быццам бы неправамерна атрыманы даход за ўвесь перыяд іх дзейнасці. Усе сумы, якія прыватныя натарыусы “недаплацілі” ў бюджэт, вынікалі непасрэдна з новай рэгламентацыі натарыяльнай дзяржаўнай пошліны. Так быў дадзены пачатак “раскулачванню” і знішчэнню беларускага прыватнага натарыята.
Дробны бізнес падчас Прэзідэнцкай Рэспублікі з 1994 г.
Як піша «Ежедневник», калі на пачатку 1995-1997 гадоў беларуская ўлада распраўлялася з найбольш яркімі фігурамі буйнога прыватнага бізнеса, то затым паступова “дабіла” астатніх пры дапамозе падатковай сістэмы і кантрольных органаў. Дробныя прадпрымальнікі таксама адчулі на сабе моцны ціск беларускага аўтарытарызму. Іх права прыватнай ўласнасці неаднаразова груба парушалася указамі Прэзідэнта і іншымі падзаконнымі актамі. Сярод найбольш грубых парушэнняў – адвольныя рэзкія павелічэнні коштаў арэнды памяшканняў, прымусовае набыццё дарагога абсталявання ў фірм-манапалістаў (напрыклад, касавых апаратаў), увядзенне налоговага заканадаўства ў зваротным парадку з мэтай спагнання грашовых сродкаў. Сапраўдным шокам для індывідуальных прадпрымальнікаў стаў Указа Прэзідэнта РБ № 760, згодна з якім з 1 студзеня 2008 г. яны маглі наймаць не больш за трох працаўнікоў, і толькі з кола бліжніх родзічаў. У іншых выпадку, індывідуальныя прадпрымальнікі павінны былі рэгістравацца як юрыдычная асоба.
Мытны Саюз (МС) з Расіяй толькі пагоршыў стан беларускага дробнага бізнесу. 27 чэрвеня 2013 г. беларускія прадпрымальнікі правялі агульнанацыянальны страйк супраць знаходжання Беларусі ў Мытным Саюзе. Прычынай агульнанацыянальнага страйка стаў тэхнічны рэгламент МС, згодна з якім гандляры павінны атрымліваць сертыфікаты на прадукцыю, якая вывозіцца з Расіі. На практыцы атрыманне падобнай сертыфікацыі з Расіі фактычна намагчыма, і, акрамя таго, з`яўляецца даволі дарагой працэдурай. Прадпрымальнікі гучна заклікалі ўладу “улічваць інтарэсы нацыянальнага дробнага бізнеса” і пачалі збор подпісаў за выхад Беларусі з Мытнага Саюза. Відавочна, што членства Беларусі ў Мытным Саюзе не адпавядае інтарэсам вялікага кола грамадзян краіны.
Прыватная уласнасць на зямлю
Каб завяршыць агульны агляд стану інстытута прыватнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь, трэба звярнуць увагу на такі немалаважны аспект, як права ўласнасці на зямлю. Да 1993 г. у Беларусі існавала выключна дзяржаўная ўласнасць на зямлю. На цяперашні дзень, згодна з Кодэксам аб зямлі, зямельныя ўчасткі могуць быць перададзены ва ўласнасць фізічным асобам толькі для вызначаных мэтаў – будаўніцтва дома ці дачы, вядзенне падсобнай гаспадаркі, калектыўнага садаводства. Плошча зямельных участкаў, якія могуць перададзены ў прыватную ўласнасць фізічных асобаў, абмежаваная: у гарадах – да 0.15 га, у сельскіх населеных пунктах – да 0.25 га. Акрамя таго, згодна з Кодэксам аб зямлі, землі агульнага карыстання – ляснога і воднага фонда – не могуць быць перададзены ў прыватную ўласнасць. Як вынік, беларускія грамадзяне не зацікаўлены ў набыцці зямельных участкаў – зямельны рынак зусім не развіваецца.
Што тычыцца юрыдычных асобаў, то яны не могуць набываць зямлю ў прыватную ўласнаць. Згодна з Кодэксам аб зямлі, для юрыдычных асобаў прадугледжаны наступныя прававыя формы выкарыстання зямельнага ўчастка: права пастаяннага карыстання (без усталяванага тэрміну); права часовага карыстання (да 10 ці да 20 гадоў); права арэнды зямельнага ўчастка (тэрмінам да 99 гадоў). Да 2010 г. у Беларусі не існавала ніводнай юрыдычнай асобы, якая б валодала зямлёй на правах прыватнай уласнасці. Тым не менш, вясной 2010 г. быў створаны першы прэцэдэнт: Прэзідэнт Беларусі перадаў аманскаму інвестару зямельны ўчастак у цэнтры Мінска плошчай 2,6 га за 10 мільёнаў даляраў з мэтай пабудовы шматфункцыянальнага комплекса. Гэты прэцэдэнт яшчэ раз пацвердзіў беларускую зямельную рэчаіснасць: усе пытанні, што тычацца перадачы зямлі ва ўласнасць юрыдычным асобам, вырашаюцца на ўзроўні прэзідэнта краіны. Кіраўнік дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка, вызначае адзіную дзяржаўную палітыку ў адносінах зямельных участкаў: віды і катэгорыі зямель, памер арэнднай платы і парадак канфіскацыі.
Высновы
Такім чынам, паслядоўны шматгадовы курс беларускай улады на пагаршэнне стану інстытута прыватнай уласнасці прынес вельмі цяжкія наступствы для эканомікі Беларусі. Узмацнілася залежнасць бізнесу ад шматлікага чынавенства, што ў сваю чаргу, прывяло да ўзрастання карупцыі. Беларусь поўнасцю страціла інвестыцыйную атракцыйнасць і з’яўляецца не ў стане прыцягнуць сур’ёзныя інвестыцыі не толькі з “брацкіх” Расіі і Казахстана, але і з “сяброўскіх” Катара, Інданезіі, Ірана і Кітая. [13] Замежныя інвестары баяцца беларускай улады і заслужана не давяраюць ёй. Яны не жадаюць укладваць грошы ў будаўніцтва аб’ектаў на Беларусі, пры ўмовах, што зямля на якой будуюцца аб’екты, фактычна не можа ім належаць.
Што тычыцца айчынных прадпрымальнікаў, то многія з іх страцілі бізнес, нервы, творчы запал і ініцыятыву. Шмат хто са здольных бізнесменаў эміграваў за мяжу, некаторыя селі ў турму, многія папросту зачынілі бізнес і сышлі ў цень. Шматпакутны ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, які нядаўна ўскрыў сабе жывот у турме ў знак пратэсту, з`яўляецца, бадай, не толькі адным з найбольш вядомых палітвязняў у свеце. Аўтуховіч – гэта праўдзівы твар сучаснага беларускага дробнага бізнеса.
Усе вышэйпералічаныя прыклады і прэцэдэнты сцвярджаюць: ніводзін прадпрымальнік не ўспрымае сваю ўласнасць, як аб`ект, абаронены законам. Што тады наконт простых грамадзянаў, якія не займаюцца бізнесам? Ім таксама перыядычна падкідваюць розныя “сюрпрызы” – 100 даляраў падатку за шопінг у Літве, пільнае адсочванне падатковай інспекцыяй на прадмет адпавядання “крутасці” набытага аўтамабіля афіцыйнаму заробку, даносы турфірмаў на кліентаў, якія набылі дарагія пуцёўкі на Мальдзівы. Аб якой павазе да прыватнай уласнасці можа ісці гаворка?
Давайце прызнаем: мы, беларусы, не маем гарантый недатыкальнасці прыватнай уласнасці. Мы не гаспадары ні свайго дома, ні свайго бізнеса, ні сваёй краіны. Цэнтральная ўлада дзейнічае выключна ў сваіх кланавых інтарэсах, і ніколі не пытаецца нашага меркавання. Пакуль будзе заставацца статус кво ў адносінах стаўлення ўлады да прыватнай уласнасці, у Беларусі не будзе адказных грамадзянаў з “вялікай літары”, гаспадароў свайго дому. А да той пары, пакуль не з’явяцца адказныя грамадзяне-патрыёты, гаспадары і ўласнікі, у краіне не ўсталюецца стабільнае дэмакратычнае кіраванне.
Поддержать «Спасём Страну»
bitcoin:
bc1qh4gngzs6488zjsfkuc7nuuja8kaggn8ulzl3uy
размещение и прочие услуги : admin@spasemstranu.com