Мядзьведжая пастка

wXRoVb I8vIКрым адышоў да Расеі. Скарыстаўшыся пострэвалюцыйнай блытанінай, слабасьцю пераходнага ўраду, фактычным развалам узброеных сілаў ва Ўкраіне, крамлёўскі самадзяржавец адгрыз частку, здавалася б, сяброўскае краіны. Зьдзіўляе хуткасьць, зь якой расейцы правялі гэтае “вяртаньне спрадвечна расейскай зямлі”: ад уводу войскаў да далучэньня Крыму не мінула і месяцу. Шпаркасьць рэфэрэндуму, падрыхтаванага за два тыдні самаабвешчаным марыянэткавым урадам Крыму, дзівіць сваімі лічбамі: 97% тых, хто прагаласаваў за далучэньне да Расеі. Проста замілоўваюць лічбы па Сэвастопалі — 123% ад сьпісачнай колькасьці жыхароў (уключна зь немаўлятамі і непаўналетнімі) галасуюць на рэфэрэндуме. Сапраўдныя цуды зьнешняй матэматыкі па сыстэме Чурава, тут і баршчаварке Лідзе ёсьць, да чаго імкнуцца…

Парушаючы ўсе прынцыпы міжнароднага права, Расея стварыла вельмі небясьпечны прэцэдэнт. Пад выглядам абароны расейскамоўнага насельніцтва (які зьяўляецца грамадзянамі чужой краіны) ўвяла на тэрыторыю незалежнай дзяржавы свае войскі і анэксавала частку яе тэрыторыі. Цяпер узьнікае пытаньне, а што далей? Як вядома, патрэбы ўзрастаюць па меры іх задавальненьня. Робяцца зразумелымі і ўтоеныя магчымыя нагоды стварэньня так званага “Мутнага зьвязу” з Беларусьсю ды Казахстанам. Відавочных выгод ніводнаму з бакоў зьвяз сёньня не прыносіць, але пакідае адкрытымі межы. Грамадзяне трох краінаў у бязьвізавым рэжыме і бяз абмежаваньняў могуць перамяшчацца ў межах гэтае зоны. Да чаго тое прыводзіць, мы можам бачыць на прыкладзе дзеяньняў грамадзян Расеі па нагнятаньні антыўкраінскай гістэрыі і дэстабілізацыі абстаноўкі ў Данецку, Харкаве, Луганску і тым жа Крыму.

У Паўночным Казахстане пражывае пераважная большасьць расейскамоўных, але Назарбаеў, выдатна ўсьведамляючы магчымасьць прымяненьня Крамлём падобных дзеяньняў у дачыненьні да сваёй краіны, усё ж прызнае захоп Крымскага паўвостраву законным. Ну, гэта пытаньні ягоныя… А вось нас мусіць непакоіць сытуацыя зь Беларусьсю. Да гэтага часу ні беларускае МЗС, ні сам Лукашэнка так і не выказаліся дасканала па факце анэксіі часткі тэрыторыі Ўкраіны. “Нязьменны” ў сваёй улюбёнай манеры выказваўся размытымі фразамі, як кажуць — і нашым, і вашым. За 20 гадоў свайго кіраваньня, паставіўшы ўсю эканоміку краіны ў залежнасьць ад усходняга суседа, плянамэрна зьнішчаючы ўсё нацыянальнае, што пачало адраджацца пасьля атрыманьня незалежнасьці, ён пачынае разумець — крымскі сцэнар можа быць працягнуты на нашых прасторах. Русіфікуючы насельніцтва, убіваючы ў галовы “памяркоўных”, што мы — адзін народ, забіваючы беларускую мову, “Расеец са знакам якасьці”, здаецца, спалохаўся. Зь ягоных апошніх інтэрвію яскрава відаць, што недаацэнка вераломнасьці Пуціна можа выйсьці бокам і ў хуткім часе пазбавіць бязьмежнай улады, а такім чынам, і ўсяго, што вынікае зь яе прэферэнцый. Паводле дамовы з Расеяй, на тэрыторыі нашае краіны павінна было быць разьмешчана зьвяно расейскіх зьнішчальнікаў у колькасьці 4-х адзінак, і яны прыбылі ў Баранавічы ў мінулым годзе. Падчас апошняй сустрэчы з Пуціным была дасягнутая “дамоўленасьць” аб павелічэньні колькасьці самалётаў, яны і не прымусілі сябе чакаць. Усё гэта Лукашэнка падаваў як уласную ініцыятыву, нібыта ў адказ на разьмяшчэньне авіяцыі блока НАТА ў Польшчы і Літве. Цяпер жа у хуткім часе ў Беларусь прыбудзе яшчэ 24 самалёта (а гэта ўжо полк), і зноў дыктатар тлумачыць гэта сваім жаданьнем. Але нават недасьведчаным у палітыцы павінна быць ясна — ніхто згоды галоўнага камандзіра не пытае. Яго проста ставяць перад фактам і, каб захаваць твар, даводзіцца выдумляць нязграбныя апраўданьні. Сродкаў ціску на афіцыйны Менск у Крамля процьма — ад паставак прыродных рэсурсаў да банальнага “рэфэрэндуму па-крымску” (абарона расейскамоўных ад беларускамоўных “бандэраўцаў”), альбо ўвод войскаў для абароны авіябазы ад ашалелых “нацыяналістаў”. Былы палітрук-памежнік разумее, што мінае пара дыктоўкі сваіх умоваў маскоўскай уладзе, але зрабіць нічога ня можа, бо заступіцца за яго ў выпадку пераўтварэньня РБ у чарговы расейскі рэгіён проста няма каму. Захад нават можа не пагражаць захопнікам санкцыямі. Ды й народ, які дзесяцігодьдзямі прывучалі ненавідзець захад, які забыўся на сваю сапраўдную гісторыю, на нацыянальных герояў, які прызвычаіўся здавольвацца чаркай і скваркай, які называе маладафронтаўцаў фашыстамі, які галасуе на “выбарах”, з радасьцю пабяжыць у расчыненыя абдымкі Расеі, не здагадваючыся, што з воўчай пасткі трапіць у мядзьведжую…

Ды ўсё да гэтага і ідзе. “Народцу” ўбіваюць аб пастаяннай пагрозе з захаду, не здагадваючыся аб рэяльнай з усходу, з боку Расейскай Арды, палохаюць “пятай калёнай”, заплюшчваючы вочы на тое, што гэтай калёнай зьяўляюцца расейскія дзяржаўныя СМІ і прарасейска настроеная частка грамадства.

Няўжо мы будзем проста чакаць далейшых дзеяньняў улады па здачы Расеі незалежнасьці?! Асабіста я — не!

Станіслаў Була

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика