Сёння ў Бразіліі стартуе юбілейны, 20-ы ў гісторыі чэмпіянат свету па футболе. Пяць з папярэдніх дзевятнаццаці першынстваў планеты выйгравалі як раз бразільцы, якіх за гэта называюць «пентакампіоны». У першым матчы сыйдуцца Бразілія і Харватыя (пачатак — 23:00 па Мінску), цырымонія адкрыцця пачнецца ў 21:10.
Тым часам у краіне працягваюцца пратэсты супраць правядзення турніра. Бразільцы лічаць, што выдаткі (каля $ 2 млрд) на мундыяль зусім лішнія — гэтыя грошы варта было выдаткаваць на сацыяльныя праграмы. Супрацьстаянне паміж дзяржавай і людзьмі цягнецца ўжо каля года. Цяпер вырашылі падтрымаць пратэстоўцаў і бразільскія мастакі, якія размалявалі сцены дамоў пратэстнымі графіці.
Надпіс у цэнтры пабляклага сцяга Бразіліі — «Прададзена».
Цэлая серыя графіці пра тое, што ў краіне па-ранейшаму дастаткова беднага насельніцтва, якое галадае («Нам патрэбна ежа, а не футбол»).
Чарговы яскравы сімвал пратэсту — плача дзіця. Справа бачны надпіс «Дзякуй, ФІФА», а футбольны мяч стылізаваны пад чэрап.
Але лепш за ўсіх думкі сфармуляваў і аформіў вядомы майстар графіці Паўлу Іту, працу якога ўжо круцяць па тэлебачанні ў Еўропе.