Мова існуе і завучаецца, пакуль з ёй сутыкаюцца. На жаль, цяпер заканадаўства такое, што ў беларускіх крамах прадаюцца прадукты з надпісамі па-казахску, па-грузінску… Бо ўсе гэтыя дзяржавы абавязваюць наяўнасць надпісаў на сваіх мовах. Але не Беларусь.
У лютым гэтага года «Наша Ніва» звярталася да тэмы прысутнасці беларускай мовы на пакунках тавараў, што рэалізуюцца ў Беларусі. Тады мы паведамлялі, што на гэты год запланаваны разгляд зменаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў», дзе ёсць артыкул, які агаворвае мовы тэкстаў на ўпакоўках і ў суправаджальных дакументах. Унясенне закона на разгляд парламента павінна адбыцца ўжо ў гэтым месяцы. Ці ж з’явіцца ў законе патрабаванне інфармаваць спажыўца аб таварах і паслугах на абедзвюх дзяржаўных мовах?
Усе «за», але…
На працягу ўсяго гэтага года каардынатар грамадскай ініцыятывы «Справаводства па-беларуску» Ігар Случак з Гомеля вёў актыўнае ліставанне з дэпутатамі як ранейшага складу беларускага парламента, так і новаабранымі альбо пераабранымі парламентарыямі.
Таксама актывіст імкнуўся даведацца і меркаванне суб’ектаў гаспадарання, накіроўваючы звароты на адрас найбольш вядомых прадпрыемстваў розных формаў уласнасці. Вядома ж, пісаў Ігар і ў дзяржаўныя органы, якія рыхтавалі змены і дапаўненні ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў».
Варта сказаць, што амаль увесь год існавала надзея, што імкненні беларусаў бачыць сваю мову на таварах, якія яны набываюць у сваёй краіне, нарэшце ажыццявяцца. Прынамсі, многія дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, у тым ліку і яе старшыня (як папярэдняга, так і цяперашняга склікання) Уладзімір Андрэйчанка, абяцалі, што, калі такія прапановы будуць вынесеныя на разгляд парламенту, яны іх падтрымаюць. Праўда, амаль усе зазначалі, што пытанне патрэбна вывучыць з гледзішча ўплыву на эканамічную сітуацыю ў краіне.
Акрамя таго, прапанову Ігара Случака лічылі слушнаю і многія прадпрыемствы. Так, да прыкладу, кіраўніцтва Гомельскага тлушчавага камбіната ў сваім адказе сцвярджае: «Заканадаўства адной дзяржавы—члена ЕАЭС (Рэспублікі Беларусь) павінна быць гарманізавана з заканадаўствам іншых дзяржаў-членаў. Дзе, напрыклад, інфармацыя аб таварах, вытворцах выкладаецца на дзвюх мовах: замежнай і нацыянальнай, таму прапанова па змяненні заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў мае пад сабой падставу».
Прапанову аб двухмоўным аздабленні прадукцыі адназначна падтрымаў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай мовы і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Ён паведаміў, што «ўнясенне дадзеных змен у закон будзе садзейнічаць забеспячэнню моўных правоў беларускіх спажыўцоў, раўнапраўнаму становішчу Беларусі як самастойнага суб’екта Мытнага саюза, а таксама замацаванню станоўчага міжнароднага іміджу нашай краіны».
Але, як аказалася, усе надзеі, гэтак жа як і меркаванні і адэкватных вытворцаў і тых, хто вывучае моўнае становішча ў краіне на навуковай аснове, папросту разбіліся аб інтарэсы гандляроў. Менавіта Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю рыхтуе змяненні ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». І яно зусім нядаўна даслала Ігару Случаку адказ на ўсе звароты, якія ён амаль цэлы год накіроўваў у самыя розныя органы дзяржаўнай улады — ад Адміністрацыі прэзідэнта да Савета міністраў Беларусі.
Мінгандлю лічыць, што змяшчэнне на ўпакоўках і ў тэхпашпартах тавараў тэкстаў на беларускай мове дадаткова да расійскамоўных выкліча для беларускіх вытворцаў невыносныя страты. А яны, на думку гандлёвага ведамства, з’яўляюцца немэтазгоднымі.
Пасля ўвядзення ў дзеянне Тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза, якія прадугледжваюць абавязковую наяўнасць на ўпакоўках расійскай мовы, а беларуская можа быць выкарыстаная толькі пры асаблівым жаданні вытворцы як дапаўняльная, фактычна парушанае дэклараванае нашымі ўладамі раўнапраўе беларускай і расійскай моваў. На гэты факт і звяртаў увагу зацікаўленых ведамстваў Ігар Случак у сваіх зваротах. Але гандлёвых чыноўнікаў такое становішча ані не бянтэжыць. У адказе Мінгандлю гэтая акалічнасць увогуле праігнараваная.
Пры гэтым у якасці аргументаў супраць унясення, здавалася б, лагічных у існуючай сітуацыі змяненняў у закон Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прыводзіць пазіцыі не спажыўцоў, а выключна толькі вытворцаў. Хаця з самое назвы закона вынікае, што абараняць ён мусіць правы менавіта спажыўцоў.
Дарэчы, прапановы аб двухмоўным аздабленні ўпаковак тавараў падтрымала і большасць таварыстваў спажыўцоў, да якіх звяртаўся гомельскі актывіст.
Прапановы Случака, як паведамляе Мінгандлю, разгледжаныя на пасяджэнні Грамадска-кансультацыйнай рады, створанай пры міністэрстве, а таксама былі накіраваныя ў Міністэрства прамысловасці, канцэрны «Белдзяржхарчпрам», «Беллеспаперапрам», «Беллегпрам», «Белнафтахім», аблвыканкамы і Мінгарвыканкам, і тыя выказалі свае меркаванні. А яны зводзяцца да таго, што змяшчэнне беларускамоўнай інфармацыі на ўпакоўках немэтазгоднае, бо выкліча дадатковыя выдаткі на пераклад і ўзгадненне тэкстаў, на распрацоўку новага дызайну ўпаковак і этыкетак. Акрамя таго, як сцвярджае Мінгандлю са спасылкай на іншыя ведамствы, на ўпакоўках многіх тавараў на беларускую мову папросту не хопіць месца!
Апошні аргумент, які, дарэчы, Мінгандлю падмацоўвае цытатай меркавання вытворцы малочных прадуктаў — ААТ «Савушкаў прадукт», вельмі добра аспрэчваецца выглядам прадукцыі менавіта гэтага «Савушкавага прадукта».
На пераважнай большасці беларускіх тавараў, у тым ліку і тых, якія выпускае «Савушкаў прадукт», можна пабачыць і казахскую мову, і ўкраінскую, і малдаўскую, не кажучы ўжо аб расійскай. І толькі на беларускую мову нашыя вытворцы ды іхнія дызайнеры чамусьці аніяк не здольныя знайсці месца.
З усяго вынікае, што органы дзяржаўнай улады, і ў прыватнасці Савет міністраў, які валодае правам заканадаўчай ініцыятывы і будзе выносіць праект Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў» у Палату прадстаўнікоў, адмаўляюцца прапаноўваць на разгляд парламента папраўкі аб выкарыстанні адразу дзвюх дзяржаўных моваў у вонкавым аздабленні тавараў, што купляюць беларусы.
Пры гэтым яны ані не клапоцяцца тым, што парушаюць дэклараваны прынцып раўнапраўя беларускай і расійскай моваў, што пазбаўляюць спажыўца, як слабы бок у юрыдычным сэнсе ў гэтай сітуацыі, гарантаванага Канстытуцыяй права выбару мовы зносінаў з вытворцам.
Калі гэтыя прапановы не будуць унесеныя, то нават тыя дэпутаты, якія пісьмова абяцалі іх падтрымаць, папросту не атрымаюць такога шансу.
Адзіная надзея тых, для каго беларуская мова не стала чужой, а застаецца мовай штодзённых зносінаў, тых, каму зручней успрымаць інфармацыю на сваёй роднай мове, — права заканадаўчай ініцыятывы дэпутатаў парламента.
Ніводзін дэпутат, да якога звяртаўся Ігар Случак, не ўзяўся за ажыццяўленне заканадаўчай ініцыятывы па ўнясенні моўных зменаў у закон, хаця такім правам валодаюць усе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Тым не менш нават у адказах тых трынаццаці парламентарыяў, якія адрэагавалі на звароты Случака і паабяцалі падтрымаць змены ў бок абавязковай прысутнасці ў аздабленні ўпаковак тавараў дзвюх дзяржаўных моваў, прысутнічае аднолькавая фраза «калі яны будуць унесеныя на разгляд дэпутатаў».
У цяперашні склад Палаты прадстаўнікоў, акрамя звыклых ужо ўладных прызначэнцаў, патрапілі і дзве дэпутаткі дэмакратычных поглядаў — Ганна Канапацкая і Алена Анісім. Прычым апошняя — намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
Мы звярнуліся да спадарыні Алены з пытаннем, ці мае яна намер ініцыяваць унясенне змяненняў у сёмы і восьмы артыкулы закона «Аб абароне правоў спажыўцоў», дзе гаворыцца пра мову інфармацыі аб тавары ці паслузе ды іх вытворцы.
«На самай справе, я нават не ведала, што ўжо ў снежні павінен адбыцца разгляд змяненняў у гэты закон. Я працую ў камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, а гэты законапраект праз нашую камісію не праходзіць. Тым не менш пазіцыя ТБМ адназначная і ўсім вядомая: мы за прысутнасць беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця. І калі будзе разглядацца такі законапраект, то, канешне ж, я буду думаць, як правесці прапановы, якія пойдуць на карысць пашырэння беларускай мовы», — распавяла Алена Анісім.
Дарэчы, перад самай адпраўкай гэтага артыкула ў рэдакцыю Ігар Случак атрымаў і афіцыйны пісьмовы адказ на свой зварот ад Алены Анісім, дзе і яна паабяцала падтрымаць прапановы Случака аб змяненнях артыкулаў 7 і 8 Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў». Праўда, спадарыня Алена зрабіла заўвагу, што «асабліва» яна падтрымае гэтыя прапановы, калі яны будуць «напісаныя на дзяржаўнай беларускай мове». У чым будзе палягаць «асаблівасць» падтрымання Аленай Анісім такіх змяненняў пры іх напісанні па-беларуску, дэпутатка ў сваім адказе не патлумачыла. А вось Ігар Случак адзначыў, што і сам з радасцю напісаў бы тэкст прапанаваных зменаў па-беларуску, але цяжка сабе ўяўляе, як можна ўнесці беларускамоўныя праўкі ў закон, які цалкам складзены на расійскай мове і беларускамоўнай версіі ўвогуле не мае.
Згаданы законапраект будзе рыхтавацца да разгляду камісіяй па эканамічнай палітыцы. І менавіта ў складзе гэтай камісіі працуе іншая прадстаўніца дэмакратычных сілаў у парламенце — Ганна Канапацкая.
Рыхтуючы гэты матэрыял, мы паспрабавалі звязацца і са спадарыняй Ганнай, выклаўшы сітуацыю і даслаўшы адпаведныя дакументы. Мы папрасілі дэпутатку выказаць сваё стаўленне да прапанаваных зменаў закона і запыталіся, ці зможа яна ініцыяваць разгляд дэпутатамі такіх зменаў. Але пакуль гэты матэрыял рыхтаваўся да друку, адказу ад Ганны Канапацкай мы не дачакаліся, хаця з нашымі пытаннямі яна і азнаёмілася.
Тым не менш людзі, неабыякавыя да стану беларускай мовы ў нашай краіне, спадзяюцца, што змены закона аб абароне іх правоў як спажыўцоў закрануць і моўную сферу. І пасля ўнясення зменаў хаця б у гэты закон яны атрымаюць магчымасць бачыць на таварах, якія рэалізуюцца ў Беларусі, сваю нацыянальную мову. Цяпер гэта залежыць выключна ад дэпутатаў беларускага парламента.