Змены ў беларускай палітыцы і магчымасці дзейнасці АГС I квартал 2017

Галоўныя трэнды ва ўнутранай палітыцы
Будзе памылкай казаць, што жорсткія дзеянні ўладаў 25 сакавіка паклалі канец,
нават часовай, лібералізацыі. Ніякай лібералізацыі ў Беларусі не было. Менш
рэпрэсіяў ці больш, штрафы ці арышты ― сутнасць аўтарытарнага рэжыму, які
існуе ў Беларусі, доўгі час застаецца нязменнай.
● Працягвае пагаршацца сацыяльна-эканамічная сітуацыя. Пры
гэтым Лукашэнка не мае намеру праводзіць структурныя
эканамічныя рэформы.
Па прагнозах міжнародных фінансавых арганізацый ВУП Беларусі скароціцца ў
2017 годзе на 0,5-1%. Найбольш верагодна, што ўлада працягне палітыку
макраэканамічнай стабілізацыі, якую праводзіла на працягу апошніх двух гадоў.
Даходы насельніцтва будуць адпавядаць узроўню прадукцыйнасці працы. Улада
будзе імкнуцца паменшыць інфляцыю, дзяржаўныя выдаткі і дэфіцыт
знешнегандлёвага балансу.
Зацверджаная Лукашэнкам праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі
на 2016-2020 гады не прадугледжвае структурных эканамічных рэформаў.
Лукашэнка мяркуе, што структурныя эканамічныя рэформы, якія
прадугледжваюць у тым ліку прыватызацыю прамысловых прадпрыемстваў,
будуць мець вынікам разбурэнне цяперашняй сістэмы палітычнага кантролю ―
цяперашняй палітыка-эканамічнай сістэмы, пры якой большасць грамадзян
з’яўляюцца залежнымі ад дзяржавы работнікамі. Нарэшце, як неаднаразова
адзначаў Лукашэнка, структурныя эканамічныя рэформы вядуць краіну да
Майдану.
● Нягледзячы на пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, у
2017 годзе малаверагодныя буйнамаштабныя акцыі пратэсту,
якія прывядуць да змены ўлады.
1
Гэта звязана з тым, што грамадства напалоханае вайной ва Украіне.
Распаўсюджана меркаванне, што ў выпадку дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі
Беларусь чакае лёс Крыму або Данбаса. Пры гэтым апазіцыя не прапанавала
грамадству альтэрнатыўнага палітычнага лідара, а таксама не прапанавала
бачанне будучыні без Лукашэнкі, праграму рэформаў. Такім чынам, памяншэнне
даверу да ўлады не цягне за сабой павелічэнне падтрымкі лідараў апазіцыі.
Значная частка грамадзян мяркуе, што пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай
сітуацыі звязана з эканамічнымі праблемамі асноўнага гандлёва-эканамічнага
партнёра Беларусі ― Расіі. Сапраўдныя прычыны крызісу (арыентацыя на расійскі
рынак, адсутнасць структурных эканамічных рэформаў і г.д.) незразумелыя
значнай частцы грамадзян.
Пры пагаршэнні сацыяльна-эканамічнай сітуацыі маючыя нізкі даход беларускія
сем’і забяспечваюць сябе значнай часткай харчавання, працуючы на сваіх
загарадных зямельных участках.
Але пры гэтым улада прыкладае пэўныя намаганні, каб змякчыць наступствы
крызісу. У прыватнасці, няма масавых звальненняў на пераважнай большасці
стратных прадпрыемстваў. Нягледзячы на тое, што нямала малазабяспечаных
сем’яў маюць запазычанасці па аплаце камунальных паслуг (ацяпленне,
электрычнасць і т.п.) надзвычай рэдкія выпадкі высялення з кватэр, канфіскацыі
маёмасці ў кошт пагашэння запазычанасці. Улада рыхтуе змены ў дэкрэт №3 «аб
дармаедах», якія, па ўсёй бачнасці, зменшаць колькасць грамадзян,
незадаволеных дэкрэтам.
Апроч таго, павялічваецца працоўная міграцыя і пашыраецца сектар ценявой
эканомікі.
Уплыў усіх гэтых фактараў бачны на прыкладзе акцый супраць дэкрэта «аб
дармаедах» ― у акцыях не прымала ўдзел крытычная для ўлады колькасць
людзей. Па меры набліжэння да дачнага сезону ў акцыях удзельнічае ўсё меншая
колькасць людзей.
2
● Вельмі малаверагодна, што ў 2017 годзе Лукашэнка зробіць
якія-небудзь крокі ў кірунку палітычнай лібералізацыі. Будуць
захаваныя цяперашнія, складаныя ўмовы дзейнасці НДА.
Лукашэнка лічыць грамадзянскай супольнасцю арганізацыі, якія падкантрольныя
дзяржаве, падтрымліваюць яго рэжым (БРСМ і т.п.). Няма перадумоў, што
Лукашэнка зменіць сваё меркаванне. Лукашэнка не мае намеру весці дыялог з
апазіцыяй і арганізацыямі, якія прадстаўляюць грамадзянскую супольнасць.
Жорсткі разгон акцыі 25 сакавіка паказвае, што Лукашэнка, хоць і без падставаў,
баіцца пратэстаў. Улада працягне ціск на НДА, дзейнасць якіх, на думку
чыноўнікаў, мае і палітычнае значэнне.
Галоўныя трэнды ў замежнай палітыцы
У першыя тры месяцы 2017 году беларускія ўлады мелі шмат дыпламатычных
дасягненняў на заходнім накірунку, уключна з запрашэннем Аляксандра
Лукашэнкі ў Злучаныя Штаты, адкрыццё абмежаванага бязвізавага рэжыму і
вялікай колькасцю замежнапалітычных візітаў. Дачыненні ж з Расіяй застаюцца
на нізкім узроўні – Беларусь дагэтуль не атрымала палёгак у энергетычным
канфлікце. Нягледзячы на некаторыя чаканні, наўрад ці хваля рэпрэсіяў у стане
развярнуць стасункі Беларусі з абодвума бакамі на 180 градусаў.
● Нармалізацыя стасункаў з Захадам пад пытаннем, але дагэтуль
застаецца папулярнай ідэяй на Захадзе і, магчыма, у Беларусі.
Рэакцыя заходніх дзяржаваў на рэпрэсіі цягам апошняга месяцу паказвае, што
яны не хочуць вяртацца да канфрантацыі з уладамі Беларусі. Усе заявы пасля
25-ага сакавіка былі досыць устрыманыя, а заява віцэ-прэм’ера Бельгіі Дзідзье
Рэйндэрс 15 сакавіка выглядае ледзь не дабраслаўленнем падаўлення пратэстаў
адміністрацыйнымі арыштамі, “бо адміністрацыйныя арышты за ўдзел у
пратэстах здараюцца і ў краінах Еўрапейскага Саюза”.
У многіх сэнсах вырашальнае значэнне будзе мець тое, наколькі ўлады Беларусі
захочуць давяршаць рэпрэсіі крымінальнымі тэрмінамі. Калі так, то
беларуска-заходнія дачыненні асуджаныя на ахалоджванне, але ў адваротным
выпадку апошняя хваля рэпрэсій можа быць прызнаная непаразуменнем і бакі
3
вернуцца да абмежаванага дыялогу. Але нават калі так, хваля рэпрэсіяў ужо мела
ацвярозваючы эфект адносна магчымасцяў уплываць на рэжым Лукашэнкі, хоць
Захад наўрад ці зменіць уласную палітыку на канфрантацыйную, не кажучы пра
вяртанне да выкарыстання кропкавых санкцый і візавых абмежаванняў.
Нягледзячы на брутальныя дзеянні ўладаў, яны пазбягаюць прамых
абвінавачванняў Захаду, што можа сведчыць, што рэжым таксама хацеў б
пазбегнуць канфрантацыі. Напрыклад, 24-ага сакавіка Аляксандр Лукашэнка
казаў, што ён дагэтуль дакладна не ведае адкуль ішлі сродкі на “арганізацыю
беспарадкаў” ― маўляў, “трафік ішоў праз Польшчу і Літву, а грошы давалі
амерыканскія, нямецкія фонды”. Гэта значна дысаніруе з тым, што казаў кіраўнік
краіны пасля разгону дэманстрацыі ў снежні 2010, калі ён наўпрост абвінавачваў
спецслужбы Польшчы і Нямеччыны.
● Канфлікт з Расіяй паглыбляецца, але выгляд магчымага
кампрамісу застаецца невядомым.
Энергетычны канфлікт, які цягнецца ўжо больш за год, можа сведчыць аб змене
мадэлі беларуска-расійскіх дачыненняў. Крэмль ужо не гатовы першым ісці на
саступкі, што паказваюць вынікі сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра
Пуціна ў Санкт-Пецярбургу. Дэталі паразумення, якія з’яўляюцца ў СМІ,
паказваюць, што сустрэча сталася “піравай перамогай” для беларускіх уладаў, у
выніку якой яны атрымалі ўсяго толькі вяртанне да стану перад пачаткам
канфлікту.
Паколькі энергетычнае супрацоўніцтва з’яўляюцца ядром беларуска-расійскіх
дачыненняў, то канфлікты ў ім лёгка расплываюцца на іншыя галіны, як візавая
прастора і функцыянаванне мяжы, развіццё ЕАЭС, гандлёвыя стасункі ці
вайсковае супрацоўніцтва. Ва ўсіх гэтых галінах бакі маюць канфлікты і
праўдападобна, што пошук кампрамісу ў энергетычным канфлікце будзе ісці ў
пакеце з іншымі рашэннямі, у тым ліку ў сферы бяспекі, як заявіў Аляксандр
Лукашэнка. Не варта, аднак, чакаць, што саступкі беларускага боку ў гэтай сферы
будуць значнымі, бо ён наўрад ці задаволіўся паслабленнямі ў энергетычнай
сферы з боку Крамля.
4
Высновы для беларускай грамадзянскай
супольнасці
Нягледзячы на пераслед па “справе патрыётаў”, улады працягнуць
выкарыстоўваць лозунг незалежнасці Беларусі і дастасоўваць сваё стаўленне да
беларускай мовы і рынкавай эканомікі да сённяшніх рэаліяў. Лукашэнка ўсё
часцей заяўляе аб традыцыях беларускай дзяржаўнасці з часоў Полацкага
княства, а ўлады праводзяць конкурс на стварэнне мемарыяла ў Курапатах. Усе
гэтыя змены былі вынікам працэсаў у беларускім грамадстве. Грамадства, а не
ўлада, было маторам гэтых змяненняў.
Нягледзячы на рэпрэсіі, існуюць “вокны” магчымасцяў для дзейнасці НДА. У
першую чаргу гаворка ідзе аб напрамках дзейнасці, дзе НДА могуць
супрацоўнічаць з уладай, нарошчваць свой патэнцыял, не падстаўляючыся пад
рэпрэсіі. Прыкладам таму можа быць узмацненне беларускай ідэнтычнасці ― у
сферы, дзе ўлады непаслядоўны ў сваіх дзеяннях, але ўсё ж робяць пэўны прагрэс.
НДА варта выкарыстоўваць досвед шэрагу ініцыятываў у правядзенні курсаў
беларускай мовы ці правядзенні летніх лагераў, дзе ўдзельнікі працуюць на
рэстаўрацыі гістарычных будынкаў ці правядзенні археалагічных раскопак. Гэтыя
сферы будуць найменш закранутымі ўладамі нават у часе рэпрэсій.
Тое самае датычыць іншых сацыяльных (сэрвісных) сфераў, якія ўлады не бачаць
пагрозай ― праца “зялёных” арганізацый, гендарных альбо тых, што працуюць з
людзьмі з інваліднасцю. Аднак, пагрозай для гэтых структураў можа быць змена
“палітычнага клімату” у краіне, калі ўлады пойдуць на далейшыя рэпрэсіі і
абвастрэнне стасункаў з Захадам. У выніку многія накірункі дзейнасці,
пабудаваныя на ўзаемадзеянні з уладамі, могуць страціць сваю актуальнасць.
“Акно магчымасцяў” для недзяржаўных арганізацый, якія наўпрост працуюць на
грамадска-палітычныя змены, сёння выглядае куды больш абмежаваным. Аднак,
дынаміка беларуска-расійскіх дачыненняў паказвае, што афіцыйны Мінск хутчэй
за ўсё будзе вымушаны зноў нармалізоўваць свае кантакты з Захадам, дзеля чаго
можа пайсці на некаторыя саступкі, выгляд якіх можа распрацоўвацца ў тым ліку
ў асяроддзі незалежных НДА.

Пра аўтараў
Андрэй Ляховіч ― палітычны аналітык і дырэктар Цэнтра палітычнай
адукацыі. Лаўрэат прэміі польскіх універсітэтаў імя Льва Сапегі. Выкладаў у
Варшаўскім і Ягелонскім універсітэтах. Ягоная пошта: [email protected].
Рыгор Астапеня ― галоўны рэдактар анлайн-часопісу “Ідэя” і дырэктар па
развіцці Цэнтра Астрагорскага. Гэтаксама Рыгор працуе над сваёй доктарскай
дысертацыяй у Варшаўскім універсітэце. Ягоная пошта:
[email protected].

author avatar
Zhukouski Kastus
Только самое горячее

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика