ЗАТРЫМАНЬНІ Ў МЕНСКУ НА АКЦЫІ ЎШАНАВАННЯ ПАМЯЦІ ГЕРОЯЎ НЯБЕСНАЙ СОТНІ

Як было абвешчанае, 22 студзеня, а 20-й гадзіне ў Сьцяпанаўскім садзе, побач зь якім знаходзіцца амбасада Украіны, ля помніку Тарасу Шаўчэнку мела адбыцца акцыя ўшанаваньня памяці герояў Нябеснай Сотні…
Прыбыў да месца правядзення акцыі адмыслова загадзя, каб правесіць «рэкагнасцыроўку».
Яшчэ на падыходзе да парку ўбачыў аўтобус МАЗ, у якім вокны былі занавешаныя фіранкамі. Сталыя ўдзельнікі акцыяў у Менску ведаюць – у такіх чакае каманды “фас” АМАП. А непадалёк сваімі затанаванымі шыбамі адлюстроўваў святло фараў праязджаючых міма машынаў мікрааўтобус “аператыўных супраціўнікаў”. Колькі іхных аўто стаялі ў навакольных дварох. Самыя ж “оперы” парачкамі паважна прагульваліся ў парку. Пры гэтым траскучае “праверка сувязі” зь іхных радыёстанцыяў чулася нават на іншым баку вуліцы. Гадаць няма чаго – чакаюць…
Адышоўшы бліжэйшы двор, папярэдзіў сяго-таго зь меркаваных удзельнікаў і запаліў. Часу да непазбежнага затрымання было шчэ нямала, а ў РУУСе папаліць не дазволяць жа.
Самую ж акцыю, за якой назіралі блізу 40 “чалавек у цывільным”, правесці далі. Мы паднялі бел-чырвона-белы сьцяг, разгарнулі партрэт беларуса Міхася Жызнеўскага, усклалі кветкі, запалілі знічы, прачыталі малітвы, праспявалі гімн Украіны і “Магутны Божа”. Але па сканчэньні акцыі (каля 21.00) пахапалі ўсіх. Праўда, аэратара тэлеканалу “Белсат” вывелі раней, а перад гэтым забаранілі здымаць. Журналістка тэлеканалу шчасліва пазбегла затрымання.
Нас, дзевяцёх затрыманых – намесніка старшыні Руха Салідарнасці «Разам» Алеся Макаева, актывіста Руха Яўгена Батуру, Максіма Вінярскага з грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь», сябра Нацыянальнай Рады аргкамітэту Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі Валерыю Чарнаморцаву, рэжысэрку Вольгу Мікалайчык, паэта Зьмітра Захарэвіча, грамадскіх актывістаў Ніну Багінскую, Юрыя Ваўчка і Міколу Коласа – упхнулі у вышэйзгаданы аўтобус МАЗ і пад здзеклівыя, абразлівыя выказванні наконт Украіны й украінцаў павезлі ў РУУС Цэнтральнага раёну г.Менска.
У самім РУУСе нас амаль дзве з паловай гадзіны пратрымалі тварам да сьцяны, не дазваляючы прысесці нават сталай жанчыне Ніне Багінскай. Добра, што хоць яе першую адпусцілі.
У выніку, блізу 00.20 вызвалілі яшчэ трох затрыманых – Юрыя Ваўчка, Зьмітра Захарэвіча і Валерыю Чарнаморцаву. Пяцёх астатніх – Яўгена Батуру, Максіма Вінярскага, Міколу Коласа, Алеся Макаева і Вольгу Мікалайчык – чакае суд.
Суд адбудзецца сёння, 23 студзеня, у Судзе Цэнтральнага раёну г.Менску (вул.Кірава, 21). Пачатак а 10-й гадзіне.
Прыходзьце падтрымаць затрыманых!
І Слава Ўкраіне!
Беларусь перадусім!

Угодкі па Жызнеўскаму у Гомелі:

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика