Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, на гэты момант заблякаваныя сайты belapan.com, naviny.by, belaruspartizan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by, onlinerby, пэрыядычна мае праблемы з адкрыцьцём сайт charter97.org.
Па стане на 13.40 22 сьнежня доступ да сайта belapan.com быў адноўлены.
Намесьнік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец зьвязвае блякаваньне сайтаў з фінансавым крызысам:
«Мінула ўжо два дні, як працягваецца гэтае блякаваньне і цяпер няма ніякіх сумневаў у тым, што яно ня ёсьць нейкім вынікам атакі на „Белтэлекам“, а ёсьць дзеяньнем ўладаў. Мы будзем спрабаваць высьветліць, хто дакладна стаіць за гэтымі абсалютна незаконнымі дзеяньнямі і паспрабаваць сытуацыю выправіць».
У «Белтэлекам» напярэдадні казалі пра магчымыя праблемы з абсталяваньнем.