«Я — прадпрымальнік, займаюся пасажыраперавозкамі, у мяне маршрутнае таксі, — распавёў Юры Ляшэнка. — Доўгія гады я спакойна працаваў, зрабіў шмат карыснага для горада. 29 кастрычніка, у Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій паехаў у Курапаты. Адтуль мы разам з іншымі актывістамі павінны былі накіравацца на акцыю, правядзенне якой было запланаванае Мікалаем Статкевічам каля будынку КДБ. На выездзе з Курапатаў нас заблакавалі тры машыны ДАІ. Пачалі ўзмоцнена правяраць дакументы, але ні да чаго не змаглі прычапіцца. Потым запатрабавалі ў мяне «шляхавы ліст». Яго правяралі ўважліва і доўга. Я паспрабаваў высветліць прычыну такой увагі. Мне адказалі: «Ідзе праверка, «прабіваем» па базе». Яны зрабілі ўсё магчымае, каб мы не паспелі на акцыю да КДБ. У выніку, прычапіліся да таго, што ў «пуцявым лісце» не была запоўненая графа аб праходжанні медагляду, хоць я і не павінен быў гэтага рабіць. «Чакайце ў Светлагорску, вас выклічуць і пакараюць», — сказалі. Сфатаграфавалі мой «шляхавы ліст», дакументы».
Праз некалькі дзён пасля таго, як Юрый Ляшэнка вярнуўся з Менска ў Светлагорск, яго выклікалі ў выканкам.
«Пазаўчора патэлефанавала аператарка «Гомельпассажиравтотранса», які кантралюе нашу працу. Запатрабавала з’явіцца ў Светлагорскі райвыканкам, сказала, што «будуць разбірацца наконт вашай працы». Спаслалася на пастанову намесніка старшыні райвыканкама Дзмітрыя Шабетніка. Прычыны не назвала, сказаўшы толькі, што будуць разглядаць адпаведнасць майго транспарту тэхнічным характарыстыкам і санітарным патрабаванням і вызначаць, ці можна мне займацца перавозкай пасажыраў.
Учора я прыехаў на камісію ў райвыканкам. Быў складзены рапарт, але нічога канкрэтнага мне не сказалі. «Чакайце адказу, вам усё паведамяць», — заявілі яны. Да сённяшняга моманту я знаходжуся ў недасведчанасці і не ведаю, ці дазволяць мне далей працаваць ці не. У мяне працуюць шмат наёмных супрацоўнікаў, усе яны могуць застацца без працы, я сам магу застацца без сродкаў да існавання. Вельмі дрэнна, што паездка ў Курапаты, жаданне ўшанаваць памяць ахвяр рэпрэсій можа скончыцца такімі праверкамі і ўціскам».
Прадпрымальнік удакладніў, што ніякіх скаргаў на ягоную працу з боку пасажыраў не было.