Якім быў і чым запомніўся візіт у Беларусь Дзяржаўнага сакратара Ватыкану П’етра Параліна?
Завяршыўся афіцыйны візіт у Беларусь прадстаўніка Папы Рымскага, кардынала П’етра Параліна, які знаходзіўся ў нашай краіне з 12 па 15 сакавіка. Ён вылецеў з Менску ў Рым звычайным рэгулярным рэйсам.
Падчас свайго візіту кардынал прадэманстраваў цікавасць да беларускай паэзіі. 15 сакавіка ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны прадстаўнік Ватыкану працытаваў Уладзіміра Някляева, падае catholic.by.
Кажучы пра гады атэізму ў нашай краіне, Дзяржсакратар Папы Рымскага праілюстраваў сваю думку радкамі:
Ані царквы ў крыжох,
Ані хаціны боскай…
Так і жывуць удвох:
Богам забытая вёска,
Вёскай забыты Бог.
Звяртаючыся да дзяцей, кардынал згадаў словы паэткі і вядоўцы «Белсату» Валярыны Куставай:
Божа!
Зрабі нас шчаслівымі,
як малых дзяцей,
Каб не ведалі жаху,
пакутаў
і злосці.
Божа!
Зрабі нас бязгрэшнымі,
як Ты сам.
Падчас чування моладзі ў менскім касцёле святых Сымона і Алены кардынал Паралін некалькі разоў цытаваў Рыгора Барадуліна. Сваё казанне прадстаўнік пантыфіка закончыў наступнымі радкамі беларускага паэта:
Дзякую, Ўсявышні, Табе
За кожную лішнюю хвілю,
За кожную зморшчыну на ілбе,
За сілу і за бяссілле,
За дзірван і за раллю,
За пустку і за пушчу,
За тую зямлю,
Дзе люблю й не люблю,
І дзе я вочы заплюшчу.
Дзякую за цемру й святло,
За маміны вочы,
За ўсё, што было
І што не было,
Дзякую, Ойча…
У сваю чаргу каля тысячы маладых каталікоў, што былі на чуванні, скандавалі словамі верша Уладзіміра Караткевіча: «На Беларусі Бог жыве!», падае сайт katolik-gomel.by.
Госця з Ватыкану маладыя каталікі віталі ў шляхецкіх строях ды традыцыйных беларускіх уборах з вышываным арнаментам.
На Імшы з удзелам дзяцей П’етра Паралін пажадаў: «Няхай Бог будзе іх моцай, а яны самі няхай ажыўляюць Касцёл і ствараюць народ, які складаецца са свабодных, сумленных, адданых справе і поўных энтузіязму людзей».
Дзяржаўны сакратар Папы Францішка выказаў гатоўнасць з боку Апостальскай Сталіцы дапамагаць Беларусі ў збліжэнні з Захадам. «З нашага боку ёсць гатоўнасць дапамагаць гэтай краіне», – сказаў кардынал 14 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў межах афіцыйнага візіту.