ГА “Талака” у суботу вечарам сабрала цікаўных да гомельскай гісторыі на незвычайныя шпацыры. На гэты раз удзельнікам прапаноўвалася сесці на ровары ды праехацца па славутых ды цікавых мясцінах горада над Сожам.
Каля 5 дзясяткаў ахвочых з роварамі сталі нечаканасцю не толькі для арганізатараў, але, відаць па ўсім, і супрацоўнікаў міліцыі, увагу якіх няшчасныя аматары гісторыі прыцягнулі ў аб’ёме некалькіх пешых і аўтапатрулей. Трэба сказаць, што пасля адэкватнай размовы, невялічкага інструктажу і тлумачэнняў сітуацыі моладзь раз’ехалася па маршрутах, а такіх было прапанавана чатыры. ”Стайні князя Паскевіча”, “Могільнік рачной славы Гомеля”, “Містычнае гарадзішча Радзімічаў” і “Гарадскія легенды”.
Невялічкі існструктаж ад экскурсавода — Андрэя Сапранькова.
Каля Кагальнага рова (пачатак вуліцы Пралетарскай)- месца, адкуль пачыналася рачулка Гамяюк, якая паводле адной з легендаў дала назву Гомелю. А саму рачулку так назвалі паводле іншай легенды, калі ў ёй утапілася дзяўчына, тады ейная маці пракляла гэтую рачулку словамі “Каб жа ты гамеюкай скруцілася, гадаўка” — з таго часу рэчка стала звівістая і атрымала назву “Гамяюка”, або “Гамяюк”. А роў гэты сваю назву атрымаў ад таго, што тут жылі габрэі, а паселішча іх называецца “кагалам”.
Ці бачылі вы калі-небудзь столькі прыстойных і дысцыплінаваных раварыстаў у адным месцы? Так! Аматары гісторыі, яны такія!
На вуліцы Пралетарскай — гістарычны раён “Спасава слабада”, па-сутнасці загарад, дзе жылі стараабрадцы. Адменты ўнікальнай архітэкурай, тут жа месцяцца і дзьве стараабрадцікя цэрквы.
Пакручысты спуск да найстарэйшага ў Гомелі будынка — Ільінскай царквы.
Ільінская царква, 1773-74 гг. пабудовы. Цалкам драўляная.
А вось яшчэ адно месца ўжо сучасных гарадскіх легендаў. Пралетарская, 36- ”Дом Піліпца”. Службовае жытло былога старышныі Гомельскага гарвыканкаму Віктара Піліпца, асуджанага за злаўжыванне ўладай да 5 гадоў турмы.
Легендарная сцяна-брандмаўэр на вуліцы Пляханава. Падчас акупацыі Гомеля тут у двары аднаго з дамоў было месца ўтырмання савецкіх ваеннапалонных, з таго часу на сцяне захаваліся патрыятычныя надпісы “Враг будет разбит” і інш., датаваныя 1941 годам. Паводле мясцовай легенды сцяна гэтая тут з’вяліася з тае прычыны, што суседзі, якія былі ў служках Князя Паскевіча ненавідзелі адно аднога, таму і пабудавалі велічэзную цагляную сцяну, каб толькі не бачыцца. Насамрэч функцыя яе супрацьпажарная.
Квэст да “Талакі” — на старой мапе гораду з гістарычнымі назвамі вуліц трэба было знайсці канчатковае месца сустрэчы 4-х каманд.
Якое і было паспяхова знойдзена. Грамадска-палітычны цэнтр на Палесскай, 52, дзе вандроўнікаў чакала вельмі дарэчная гарбата.
“Роварны рух набывае папулярнасць, ім цікавіцца актыўная моладзь, нашая задача, як маладзёвай краязнаўчай арганізацыі — папулярызацыя культуры, таму мы і выбралі такі інструмент, для папулярызацыі гомельскай гісторыі, як ровар” — каментуе падзею ініцыятарка, маршалак “Талакі”
kli4nik.info Марыся Тульжанкова.