У Гомелі, па звестках беларускага Гідраметцэнтра, 20 красавіка чакаецца сонечнае надвор’е, каля 18-20 градусаў цяпла, без ападкаў. Прычым, пацяпленне пачнецца ўжо ў суботу. У Велікодную ноч прагназуюць яснае неба і каля 12 градусаў цяпла.
У Мінску і іншых абласных гарадах святочнай ноччу будзе халадней — каля 10 градусаў цяпла, затое днём — да +19, малавоблачна. Прыкладна такое ж надвор’е чакаецца і ў Маскве, а вось у Кіеве на Вялікдзень магчымы дождж, праўда, таксама будзе цёпла — каля 16-18 градусаў.
Упершыню ў Гомелі грамадскі транспарт у Велікодную ноч будзе хадзіць па асаблівым раскладзе. У ноч з 19 на 20 красавіка тралейбусы і аўтобусы будуць хадзіць да 03 гадзін 30 хвілін па абраных маршрутах: аўтобусы № 1 «Вакзал — Мікрараён «Любенскі», № 11 «Вакзал — вуліца Чарнышэўскага» , № 12 «Вуліца Маневіча — Мікрараён «Хутар», № 20 «Медгарадок — Старая Валатава», № 35 «Вакзал — 104 -й мікрараён». Таксама будуць задзейнічаны тралейбусы № 10 «Вакзал — Завод самаходных камбайнаў» , № 15 «Вакзал — Валатава», № 16 «Вакзал — мікрараён «Клёнкаўскі» і № 20 «Завод «Гідрапрывад» — Сонечная». Раніцай у нядзелю першы транспарт адправіцца з канцавых прыпынкаў каля 5.40.