Так віляйчанін святкаваў навіну, што стаў татам.
За сінім аўтамабілем пагоня ў Вілейцы пачалася ў ноч з нядзелі на панядзелак, 6 кастрычніка. Супрацоўнікі міліцыі гналіся за нецвярозым кіроўцам.
У цэнтры горада на вуліцы Партызанскай кіроўца наскочыў пярэднімі коламі на бардзюр.
– І з голымі коламі на адных абадах працягваў рушыць наперад, – распавядае Андрэй Дударчык, намеснік начальніка РАУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі.
Машына заіскрылася. Пад капотам загарэліся нафтавыя прадукты, і яна пачала палыхаць, піша «rh.by«
Кіроўца з’ехаў на тратуар і спыніўся каля агароджы. Да яго падбегла міліцыя, мужчыну дасталі з машыны.
Міліцыянеры не маглі патушыць аўтамабіль, таму на дапамогу прыехалі пажарныя.
Як пасля высветлілася, у мужчыны была такая рэакцыя на навіну, што стаў бацькам. Ён адразу ж сеў за руль і паехаў святкаваць падзею.
Андрэй Дударчык зазначыў, што такое святкаванне яму абыдзецца ў круглую суму. У дадатак, яго пазбавяць правоў кіравання на тры гады.