У Менску з’явіліся цукеркі з «Пагоняй» — для сапраўдных мужчын

«Арт-Сядзіба» да 23 лютага падрыхтавала падарункавыя цукеркі.

«Напраўду гэта цукеркі «Алёнка». Мы зрабілі дызайн абгорткі і ўручную перапакавалі цукеркі», — распавёў «Радыё Свабода» дырэктар «Арт Сядзібы» Павел Белавус.

З ягоных слоў, такім чынам супрацоўнікі «Арт-Сядзібы» захацелі павіншаваць сваіх наведвальнікаў з 23 лютым.

«Сённяшні дзень для кагосьці свята, для кагосьці — не. Для кагосьці гэтае свята тычыцца толькі тых, хто служыў у войску. Для іншых — гэта дзень «Беларускай краёвай абароны» (БКА). Мы наважылі ўзяць цукеркі «Камунаркі» і зрабіць для іх альтэрнатыўную абгортку. Напраўду гэта «Алёнка». Да 8 сакавіка мы зробім такія ж цукеркі, але з выявай вершніцы — гэта будуць цукеркі, якімі мы павіншуем дзяўчат. А на Дзень Волі 25 сакавіка будзем частаваць і тымі, і тымі ўдзельнікаў шэсця».

Павел Белавус сказаў, што рэакцыя ў інтэрнэце на з’яўленне цукерак з «Пагоняй» магла б натхніць фабрыку «Камунарка» на выпуск цукерак калі не з аналагічнай абгорткай, то хаця б з нацыянальнымі ўзорамі:

«Я ўпэўнены, што такія цукеркі з беларускімі сімваламі і ўзорамі будуць карыстацца попытам — і як сувенір, і як пачастунак. Ужо цяпер у нас пытаюцца, што рабіць з абгорткай — выкідаць неяк не хочацца. На гэта я кажу, што выкідваць не трэба, можна проста захаваць ці зрабіць закладку для кнігі».

 

charter97

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика