У Мазыры нецвярозым за рулём злоўлены кіраўнік мясцовай міліцыі

Крымінальная справа не ўзбуджалася, праводзіцца праверка, паведамляе «Камсамольская праўда».

У сацсетках актыўна абмяркоўваюць народную навіну аб тым, што начальніка Мазырскага раённага аддзела ўнутраных спраў Юрыя Красюка злавілі п’яным за рулём. Праўда, пішуць, што было гэта ў непрацоўны час. Як кажуць тыя, хто прадстаўляецца сведкамі інцыдэнту, галоўнага міліцыянта Мазыра затрымаў пост абласной Дзяржаўтаінспекцыі «Маланка». На агляд яго вырашылі завезці ў Гомель.

Толькі пасля шматлікіх публікацый у інтэрнэце УУС Гомельскага аблвыканкама пацвердзіла: інцыдэнт быў. Начальніка Мазырскага РАУС, які ехаў у цывільным адзенні на службовым аўтамабілі, што не меў міліцэйскай размалёўкі, затрымалі з прыкметамі алкагольнага ап’янення. Міліцэйскі начальнік цяпер часова адлучаны ад пасады, МУС праводзіць праверку. Таксама вядома, што крымінальная справа ў дачыненні да Юрыя Красюка не распачыналася.

Цікава, што нядаўна ў інтэрв’ю раённай газеце галоўны міліцыянт Мазыра заяўляў пра тое, што «дарожна-транспартныя здарэнні, удзельнікі якіх у момант іх здзяйснення знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, вылучаюцца сваім цяжарам».

— Таму выяўленне вадзіцеляў, якія знаходзяцца за рулём у стане алкагольнага ап’янення, і канфіскацыя з праезнай часткі п’яных пешаходаў з’яўляецца адной з асноўных задач супрацоўнікаў дарожна-патрульнай службы, — казаў начальнік РАУС.

Падпалкоўнік Юрый Красюк працуе на пасадзе начальніка Мазырскага РАУС крыху больш за год. Да гэтага займаў пасаду намесніка начальніка Калінкавіцкага РАУС.

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика