У Гомелі забаранілі выставу „Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны” з-за слова „шляхта”, паведамляе «Радыё Рацыя«. Новапрызначаны кіраўнік музея гісторыі горада Гомеля, якая раней працавала ў аддзеле ідэалогіі Чыгуначнага раёна, разглядзела ў гістарычнай выставе дыверсію.
На думку ініцыятара экспазіцыі Марыі Булавінскай, адмова ў памяшканні – гэта не столькі пазіцыя гарадскіх уладаў, колькі перастрахоўка далёкага ад гістарычнай навукі і беларускай культуры чалавека:
– У нас у Гомелі ёсць будынак, у якім знаходзіцца музей гісторыі горада. Гэты будынак, які вядомы ў народзе пад назвай Паляўнічы домік, раней належыў шляхціцам Крушэўскім-Лісоўскім. Мы, канешне ж, за два месяцы да прыблізнай даты мерапрыемства дамовіліся, што мы будзем рыхтаваць выставу менавіта ў гэтым музеі. Мы яшчэ зрабілі за свае сродкі стэнд для гэтага музея, які прысвечаны дарэвалюцыйным гаспадарам дома. І на прэзентацыі планавалі яго ўрачыста падараваць музею.
Выстава „Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны” – плён некалькіх гадоў працы цэлага калектыва гісторыкаў, архітэктараў, мастакоў і краязнаўцаў. Энтузіясты сваімі сіламі шукалі цікавую інфармацыю пра старадаўнія гомельскія шляхецкія роды, кантактавалі з нашчадкамі шляхты. На экспазіцыі таксама планавалася прэзентацыя краязнаўчай мапы дваранскіх сядзібаў.
Арганізатары выставы „Шляхецкія сядзібы Гомельшчыны” знайшлі іншае памяшканне для імпрэзы. Мерапрыемства адбудзецца 27 лютага а 17-й гадзіне ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі.