У Гомелі лекара, які прадаваў бальнічныя за спіртное, мяса і ласункі, прысудзілі да чатырох гадоў зняволення

Уступіў у сілу прысуд у дачыненні да ўрача агульнай практыкі, які браў хабар за выдачу лісткоў часовай непрацаздольнасці. Абвінавачаны прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць арганізацыйна-распарадчыя і адміністрацыйна-гаспадарчыя пасады на пяць гадоў.

Як паведаміў БелаПАН памочнік пракурора Гомельскага раёна Кірыл Кадоўба, медыцынскі работнік быў затрыманы ў жніўні 2013 года, крымінальная справа налічвае 14 эпізодаў. 56-гадовы лекар агульнай практыкі, працуючы ў філіяле паліклінікі, гандляваў бальнічнымі. Пэўнай таксы за паслугі ў яго не было, не грэбаваў абвінавачаны браць у кліентаў прадукты харчавання, да прыкладу тры кілаграма мяса за лісток непрацаздольнасці, або спіртное — піва і гарэлку. Не адмаўляўся і ад прапанаваных цукерак.

На судзе віну сваю лекар не адмаўляў, тлумачыў, што выдачай лісткоў непрацаздольнасці «хацеў дапамагчы людзям». Кліенты ж прасілі ў яго бальнічныя, каб з’ездзіць у адпачынак, у вясельнае падарожжа ці проста адпачыць дома.

Абвінавачаны абскардзіў прысуд, але суд пакінуў яго ў сіле.

Нагадаем, у красавіку 2014 лекар з Жлобіна атрымаў шэсць гадоў турмы за гандаль бальнічнымі. Абвінавачаны на працягу двух гадоў прадаваў бальнічныя лісты работнікам Беларускага металургічнага завода. Усяго ў судзе было разгледжана 44 факту дачы хабараў. Расцэнкі ў неўролага са Жлобіна раслі разам з курсам валюты. Так, у 2010 годзе аформіць сабе часовую непрацаздольнасць можна было за 50 тысяч беларускіх рублёў, а ў 2012 годзе кошт хатняга адпачынку каштавала ўжо 150 тысяч.

author avatar
Zhukouski Kastus
Только самое горячее

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика