У двары брэсцкага дома зладзілі сход за аднаўленне знесеных дзіцячых пляцовак

Прадстаўнік гарвыканкама  назваў мерапрыемства  не зусім уцямным, бо “ў жніўні дзіцячую пляцоўку адновяць”

На сход з выступамі і нават паказам фільма прыйшло некалькі дзясяткаў жыхароў дома 100А па вуліцы Машэнскага і суседніх дамоў. Са словаў “простага грамадзяніна”, як ён сам сябе акрэсліў, Віталя Казака, у чэрвені паводле прадпісання ведамства стандартызацыі і пракуратуры разбурылі дзве дзіцячыя пляцоўкі коштам каля 300 мільёнаў рублёў. Маўляў, яны не адпавядаюць новым стандартам. А наўзамен нічога не паставілі. “На нашы грошы мяркуюць аднавіць, бо грошай на стандартныя пляцоўкі няма”.

Жыхары раскашэльвацца “на роўным месцы” не згодныя, зазначыўВіталь Казак. “Я спрабаваў датэлефанавацца да аднаго кіраўніка, да другога, але толькі з 23-га раза датэлефанаваўся да старшыні аблвыканкама Анатоля Ліса,распавядаў выступоўца.Ён казаў, што ўсё пад кантролем, што ўсё будзе добра, а ў нашых дзяцей пляцоўку як забралі, так яе і няма. Я ўжо палову звароту да прэзідэнта напісаў, заўтра будзе гатовы ўвесь, і справай зоймецца прэзідэнт, вось пабачыце”.

Перад пад’ездам, адкуль вынеслі гукаўзмацняльную і відэаапаратуру, стаіць стэнд. З вывешаных на ім трох “інфармашак” вынікае, што створаны антыкрызісны штаб, і што ў дамах маюць быць абраныя старасты, якія будуць фармуляваць праблемы і даносіць іх да ўладаў.

1

Пасля паказу фільма пра знос дзіцячых пляцовак Віталь Казакзганіў запрошаных, але адсутных супрацоўнікаў ЖРЭУ, у тым ліку яго кіраўніка  Паўла Заграя,  пахваліў за гатоўнасць да дыялогу старшыню гарвыканкама Аляксандра Рагачука і зладзіў авацыю прысутнаму начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама  Генадзю Іванчыну. Некалькі разоў перад гэтым і з асаблівым акцэнтам у канцы ён заклікаў дапамагаць уладам.

Спадар Іванчын на пытанне карэспандэнта, ці мае ён пазіцыю па сённяшнім мерапрыемстве, адказаў, што яно “выглядае неяк няўцямна, бо ўжо прынятае  рашэнне, і літаральна ў жніўні канкрэтна гэтая пляцоўка перад домам будзе цалкам адноўленая”.

У прыватным парадку жыхары дамоў, якія пабудаваныя мясцовымі чыгуначнікамі, выказвалі нараканні на падтапленні падвалаў каналізацыйнымі сцёкамі і праблемы з вадой (слабы напор, а ў доме 100 скардзіліся на брудную, небяспечную ваду).

 

 

 

 

 

bk-brest.by

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика