У Беларусі зніжаецца рэпрадуктыўны патэнцыял жанчын

У Беларусі, як і іншых краінах былога СССР, адзначаецца зніжэнне рэпрадуктыўнага патэнцыялу жанчын.

Пра гэта заявіла загадчыца кафедры акушэрства і гінекалогіі Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта Людміла Мажэйка 21 кастрычніка ў Мінску на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Сучасныя перынатальныя медыцынскія тэхналогіі ў вырашэнні праблем дэмаграфічнай бяспекі».

Згодна са словамі медыка, гэта абумоўлена нізкімі паказчыкамі здароўя жанчын дзетароднага ўзросту, значны працэнт якіх пакутуе на хранічныя у тым ліку гінекалагічныя, захворваннямі.

Мажэйка таксама адзначыла, што адмоўна на рэпрадуктыўнай функцыі адбіваецца нізкі ўзровень культуры і дасведчанасці жанчын у пытаннях здароўя, недастатковая асабістая адказнасць за сваё здароўе і здароўе дзяцей.

Падлеткі пачынаюць сэксуальнае жыццё рана, адбываецца частая змена палавых партнёраў, моладзь схільная да шкодных звычак, не выкарыстоўвае сучасныя сродкі кантрацэпцыі ў належнай меры. «Таму, — сказала Мажэйка, — часцей за ўсё ў нашых жанчын цяжарнасць узнікае спантанна».

Доктарка заўважыла, што далёка не ўсе жанчыны ў поўнай меры ацэньваюць важнасць падрыхтоўкі да цяжарнасці. Гэта выклікае праблемы ў яе працяканні. Напрыклад, сучасны падыход — гэта прызначэнне ўсім жанчынам, якія плануюць цяжарнасць, фалійнай кіслаты з мэтай дасягнення неабходных паказчыкаў ўзроўню фалатаў. Недахоп фалійнай кіслаты выклікае дэфект нервовай трубкі, якая фарміруецца ў першыя 28 дзён пасля зачацця.

Мажэйка паказала на распаўсюджанасць хранічных запаленчых захворванняў у жанчын. У выніку такіх працэсаў органаў малога таза ў 30% жанчын парушаецца або нават губляецца фертыльнасць, а ў паловы — высокая імавернасць развіцця пазаматкавай цяжарнасці.

У краіне не зніжаецца доля бясплодных шлюбаў. Па ацэнцы Міністэрства аховы здароўя, удзельная вага бясплодных пар у Беларусі дасягае 16%.

Мажэйка адзначыла, звяртаючыся да лекараў, што важна своечасова дыягнаставаць і лячыць захворванні рэпрадуктыўнай сферы.

Яна лічыць, што з улікам усіх фактараў неабходна надаваць увагу падрыхтоўцы да зачацця, а таксама жанчынам у 1-мтрыместры цяжарнасці. Гэта дае магчымасць «не толькі прагназаваць імавернасць ускладненняў, але і спыняць цяжарнасць на ранніх тэрмінах у выпадках высокай рызыкі мацярынскай смяротнасці і нежыццяздольнасці плода».

 

 

 

vicebskreg.by

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика