[su_frame][/su_frame]Сёння стала вядома, што ў адносінах да 23-гадовага студэнта гістфаку БДУ выкананы смяротны прысуд. Ягоны зварот яшчэ знаходзіцца на разглядзе КПЧ ААН.
Гэта значыць, Рэспубліка Беларусь у чарговы раз парушыла ўзятыя на сябе міжнародныя абавязальніцтвы, піша spring96.org.
12 чэрвеня 2013 Гродзенскі абласны суд прызнаў Паўла Селюна вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: забойства дзвюх асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю; крадзёж; здзек над трупамі; крадзёж асабістых дакументаў. Да гэтага малады чалавек не меў судзімасцяў. Свае дзеянні ён патлумачыў рэўнасцю – забітыя – ягоная жонка і яе каханак, якіх ён застаў у адной кватэры.
Па сукупнасці злачынстваў суд першай інстанцыі прыгаварыў Паўла да выключнай меры пакарання — расстрэлу. Працэс вёў суддзя Анатоль Заяц.
Сялюн падаў касацыйную скаргу на прысуд. 17 верасня 2013 яе разглядала судовая калегія Вярхоўнага суда пад старшынствам Валера Калінковіча. Вызначэнне — пакінуць прысуд у сіле.
Маці Паўла Селюна звярнулася да Лукашэнкі і тагачаснага кіраўніка БПЦ Філарэта з просьбай паспрыяць таму, каб яе сына памілавалі – замянілі смяротнае пакаранне на альтэрнатыўнае – пажыццёвае зняволенне. Сам Павел таксама звярнуўся з прашэннем аб памілаванні на імя Лукашэнкі.
Сёння маці Паўла Селюна даведалася ад адваката, што прысуд прыведзены ў выкананне. Адвакат прыйшла на сустрэчу з падабаронным, аднак у СІЗА ёй паведамілі, што Сялюн “выбыў па прысуду”. На звычайнай мове гэта значыць расстрэл.
Ніякіх пісьмовых дакументаў ці паведамленняў сваякам Паўла не даслалі. Маці да апошняга не ведала рашэння камісіі аб памілаванні, дату выканання прысуда. У бліжэйшыя дні яна збіралася на спатканне з сынам.
Нагадаем, Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў зварот ад імя Паўла Селюна. Паводле п. 92 Правілаў працэдур Камітэта дзяржава не павінна прыводзіць у выкананне смяротны прысуд да разгляду звароту па сутнасці ў ААН. Такім чынам, Рэспубліка Беларусь у чарговы раз парушыла ўзятыя на сябе міжнародныя абавязальніцтвы.