Той самы мінчанін, які завёў моду на вышымайкі

У трэцім сезоне рубрыкі “Адметныя” мы расказваем пра бізнесы, якія размаўляюць са сваімі кліентамі па-беларуску. Сёння наш герой – заснавальнік інтэрнет-крамы беларускамоўных тавараў Symbal, з якой пачалася сапраўдная мода на беларушчыну.

 

Мы сустракаемся з Паўлам Белавусам, засавальнікам крамы, у Маскоўска-Венскім гандлёвым цэнтры, дзе месціцца офіс і крама “Арт-сядзібы”. Эфектна выглядаючы на фоне бела-чырвоных жалюзі, хлопец расказвае, як з’явіўся яго бізнес.

– Гэта быў 2011 год, якраз зачыніўся клуб «Рэактар», і для тых, хто хацеў праводзіць нейкія беларускамоўныя тусоўкі, месца не было. Не было ніякіх антыкафэ, лофтаў, каворкінгаў, крэатыўных прастор. Была галерэя «Ў», ДК «Ля мора» – і ўсё.

Мы вырашылі стварыць сваю прастору, дзе можна было б праводзіць нейкія мерапрыемствы. Знялі памяшканне на заводзе «Гарызонт” – з гэтага пачалася «Арт-сядзіба». Графіцісты размалявалі нам сцены, мы прыцягнулі канапу і нейкія старыя крэслы і пачалі працаваць. І гэта ўсё так хутка забурліла і закруцілася, што ў нас пачалі кожны дзень адбывацца імпрэзы.

На “Гарызонце” сядзіба прапрацавала восем месяцаў – пакуль занадта гучных арандатараў не выгналі. Але за гэтыя восем месяцаў Белавус з сябрамі зрабілі сабе імя.

– Зараз, канешне, развівацца прасцей, а тады на нас глядзелі як на незрузумелых барадатых беларускамоўных фрыкаў, – усміхаецца Павел, які ў тыя часы працаваў на радыё. – Так мы існавалі, пераязджаючы з памяшкання ў памяшканне. І два гады таму я задумаўся пра тое, што трэба або зусім гэта ўсё прыкрываць, або займацца гэтым пастаянна і ператвараць у бізнес. Бо на той момант гэта было хобі – у кожнага з нас была асноўная праца.

Ідэя бізнеса нарадзілася з актыўнасцяў: хлопцы зладзілі грамадзянскую кампанію, каб уключыць гістарычны беларускі сцяг у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Чыноўнікі сцяг у спіс не дадалі, але хваля цікавасці ў СМІ да пытання нарадзіла попыт з боку звычайных беларусаў. А калі Павел з сябрамі надрукавалі і за тыдзень прадалі сто вышымаек, стала канчаткова зразумела: попыт на нацыянальнае ў беларусаў ёсць. Трэба ствараць прапанову.

– У нас ужо быў гатовы сайт і мы адразу ўсім гэтым і стартанулі: сцягамі, вышымайкамі, дробнымі сувенірчыкамі – распавядае Павел. – Пасля да нас пачалі звяртацца розныя рамеснікі, вытворцы, пачаліся розныя карпаратыўныя замовы. Я кінуў ранейшую працу і стаў займацца выключна “Арт-сядзібай”.

Замаўляць нацыянальную сімволіку і сувеніры ў крамы пачалі і банкі, і карпарацыі, і нават БРСМ.

– Мы звярталіся ў Міністэрства ўнутраных спраў за тлумачэннем, ці з’яўлецца гістарычны герб “Пагоня” ці бела-чырвона-белы сцяг забароненымі сімваламі. Нам адказалі, што не, не з’яўляюцца. Зараз сцягі мы друкуем на тым жа прадпрыемстве, якое друкуе дзяржаўныя чырвона-зялёныя.

 

БЕЛМОВА ЯК ВЯЛІКАЯ БІЗНЕС-ІДЭЯ

Шмат людзей казалі Паўлу, што праз два-тры месяцы бум на вышымайкі і арнаменты знікне. Але прайшло два гады – і трэнд нікуды не знік. За гэты час наш герой з паплечнікамі зрабілі першую беларускамоўную настолку, першымі арганізавалі беларускамоўны стэндап, зрабілі Дзень вышыванкі.

Вірус вышыванак і арнамента нараджае новыя і новыя актыўнасці: напрыклад, Mark Formelle выпусціў вялікую лінію бялізны з арнаментамі, штомесяц з’яўляюцца дробныя крамы, якія спрабуюць развівацца ў тым жа кірунку. Але наш герой гэта толькі падтрымлівае і не баіцца канкурэнцыі.

Часам Белавуса крытыкуюць: «Як можна на нацыянальных сімвалах зарабляць грошы?! Так нельга! Гэта ж святое!». Але Павел упэўнены: сімвалы не павінны стаяць мёртвымі ў куточку, яны павінны трасфармавацца, прыдумляцца, дамалёўвацца.

Яшчэ адзін з кірункаў бізнесу магазіна Symbal – выцінанка, мастацтва выразання з паперы. Спрабуе Павел з таварышамі рабіць узоры слуцкага пояса, калюмны на торбах. Апроч таго, хлопцы прадаюць розныя беларускамоўныя паслугі: напрыклад беларускамоўных вядучых для карпаратываў і вяселляў.

Больш за тое: праз сацсеткі і сайт хлопцы прасоўваюць іншыя брэнды, беларусізуюцца. Першыя, з кім яны паспрабавалі так працаваць, – гэта ювелірная сетка, якая выпусціла завушніцы і пярсцёнкі з беларускімі ўзорамі. Самі героі не могуць самі прадаваць ювелірныя вырабы, таму проста рэкламуюць ювелірную сетку.

– Зразумела, што мы робім папсу, бо простыя рэчы карыстаюцца попытам, – распавядае Павел. – Кансерватыўныя этнографы шмат нас крытыкуюць, бо лічаць, што арнамент павінен быць абавязкова на белай кашулі і абавязкова вышыты чырвонымі ніткамі. А мы кажам, што не, гэта павінна быць як заўгодна і дзе заўгодна, хоць на майтках, галоўнае каб яно прыносіла людзям радасць і задавальнне.

Павел з гонарам кажа, што крама Symbal прыносіць прыбытак, які ідзе на новыя праекты. Напрыклад, на заробленыя грошы хлопцы выкупілі стары сельскі клуб на беразе Іслачы. Плануюць з яго зрабіць новыя Шаблі.

Павел прызнаецца, што ў іх яшчэ мільярд думак, і калі будуць сілы і не будзе ніякіх вонкавых перашкодаў, то ў будучыні Symbal ператворыцца ў вялізную нацыянальную краму:

– Туды можна будзе прыйсці і ўбачыць, што Беларусі ёсць што паказаць, што Беларусь – гэта не краіна сталінак і Чарнобыля, а краіна традыцый і вялікай спадчыны.

ВАЖНА: калі надумалі расшарыць гэты матэрыял, не забывайцеся на хэштэгі: #адметныя #свае #s7mova. Дзякуй!


citydog.by

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика