Спіце дома ўначы? Рыхтуйце пашпарт для міліцэйскай праверкі!

Ён прыйшоў каля поўначы, проста каб пазнаёміцца. У ноч на нядзелю падпалкоўнік Кошман з яшчэ адным міліцыянтам зайшоў у прыватны дом у вёсцы Пыхань Веткаўскага раёну, сказаў, што тут прахадны двор, запатрабаваў дакументы і спыніць запіс відэа.

Сяргей Помазаў абурыўся прыходам нязванага госця

Сямʼя ўжо не спала. А міліцыянт відавочна правакаваў гаспадара дому на канфлікт, набліжаўся фізічна, потым пачаў свяціць тактычным ліхтарыкам у вочы.

«Дакументы, якія пацвярджаюць вашую асобу. Хачу пераканацца, што вы тут жывяце, што вы грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Магчыма, вы знаходзіцеся ў вышуку», – патрабаваў міліцыянт.

Негвалтоўнае супрацьстаянне доўжылася 10 хвілінаў, спадар Сяргей дакументы не прадставіў.

Міліцыянт сышоў, але парушэнне правоў засталося

«Мусіць быць усё паводле закону. Калі ты зайшоў да мяне ў поўнач, то мусіць быць санкцыя пракурора ці нейкія арыенціроўкі», – мяркуе Сяргей Помазаў, жыхар дому.

«Ён прыйшоў на прыватную тэрыторыю і ўмяшаўся ў прыватнае жыццё цэлай сямʼі, як бачна з відэа-кантэнту, з улікам жонкі, дзяцей і іншых дамачадцаў. Канешне, трэба дамагацца, каб гэты міліцыянер быў пакараны», – даводзіць праваабаронца Леанід Судаленка.

Тлумачэнне інцыдэнту апублікаваў партал міліцыі Гомельскай вобласці

Намеснік кіраўніка Веткаўскага РАУСу нібыта шукаў у доме Помазавых злачынцу, бо ў раёне ідуць крадзяжы з лецішчаў.

Аляксандр Кошман ужо трапляў у скандалы 6 гадоў таму, калі ў Гомлі пераследаваў грамадскіх актывістаў і перашкаджаў працы акрэдытаваных журналістаў. Тады яшчэ маёр нават меў заўвагі ад пракуратуры, але толькі атрымаў новыя зоркі на пагонах.

Цяпер падпалкоўнік Кошман – першы намеснік кіраўніка Веткаўскай міліцыі

Міліцыянт фактычна камандуе раёнам, бо ягоны шэф – Уладзіслаў Антоненказгубіў працу. У красавіку на веткаўскай вуліцы, не пры выкананні, Антоненка прычапіўся да падлетка, а пачуўшы штосьці непрыемнае, ударыў хлопца. У справе разбіраецца Следчы камітэт Гомельскай вобласці.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика