23 жніўня, ў агульнаеўрапескі дзень памяці ахвяраў нацызму і сталінізму, Рух Салідарнасці “Разам” традыцыйна, з 2009 года, ладзіць Нацыянальную Выправу ў Катынь разам з іншымі дэмакратычнымі грамадскімі арганізацыямі і партыямі.
Упершыню ход акцыі парушылі супрацоўнікі сілавых структураў Расійскай Федэрацыі. Аўтобус з 34-мя актывістамі пасля звычайных фармальнасцяў перасёк мяжу з Расіяй, але праз нейкі час быў затрыманы. Прадстаўнікі расійскага ФСБ забралі пашпарты ў намесніка старшыні Руха Салідарнасці “Разам” Аляксандра Макаева, актывіста Яўгена Батуры і кіроўцы аўтобуса. Фармальнай падставай для затрымання цэлага аўтобуса паслужылі цішоткі актывістаў з надпісам «СТОП ПУТИН», якія заўважылі расійскія памежнікі.
Па словах актывіста Руха Салідарнасці “Разам” Яўгена Батуры, адзін з прадстаўнікоў сілавых структур Расіі сказаў, што ёсць загад не прапускаць аўтобус. Аднак праз некалькі гадзін праверак, перад самым закрыццём мемарыяльнага комплекса «Катынь» аўтобус з актывістамі адпусцілі, праўда, у суправаджэнні “картэжа” машын ДПС, ППС, расейскага АМАПу. Да гэтага былі затрыманыя і дастаўленыя ў г.Рудня два актывіста, якія мелі копіі пашпартоў і іншыя ўласныя дакументы, бо самі пашпарты знаходзіліся ў амбасадах для атрымання візаў.
Адну з затрыманых – вядомую грамадскую дзеячку і маці зніклага ў Беларусі журналіста Зміцера Завадскага Вольгу Рыгораўну некалькі гадзінаў дапытвалі супрацоўнікі ФСБ. У тым ліку ў яе пыталіся пра арганізацыю, якая ладзіць акцыю і чым займаюцца і дзе знаходзяцца кіраўнікі Руха Салідарнасці “Разам”.
Удзельнікі акцыі пад бел-чырвона-белымі сцягамі з дзяржаўным сцягам Украіны паспелі ўскласці кветкі, запаліць знічкі, прачытаць малітву на месцы растраляных органамі НКВД афіцэраў польскай арміі ў мемарыяльным комплексе Катынь. Ушанавалі і памяць савецкіх грамадзянаў – беларусаў, расейцаў, украінцаў, габрэяў, палякаў, якія былі закатаваныя таксама ў Катыні.
Традыцыйна адбылася жалобная акцыя і на месцы гібелі ў 2010 польскай дэлегацыі на чале з Прэзідэнтам Польшчы Лехам Качынскім.
Пасля мерапрыемстваў аўтобус некалькі гадзінаў прастаяў на расійска-беларускай мяжы, чакаючы незаконна затрыманых актывістаў. Таму ўдзельнікі Нацыянальнай Выправы вярнуліся дахаты толькі пад раніцу.
Нагадаем, што акрамя арганізацыі Нацыянальнай Выправы ў Катынь, Рух Салідарнасці «Разам» правёў акцыі па ўшанаванні ахвяраў таталітарных рэжымаў ў Варшаве (ля помніка «Катынскі камень» на пляцы Замковым), у Кіеве (сумесная акцыя з «Мемарыялам» імя Васіля Стуса ў Быкіўні і Бабіным Яры) і ў Санкт-Пецярбурзе (у мемарыяльным комплексе «Левашоўская пусташ»).
Прэс-служба Руха Салідарнасці “Разам”.