Радаўніца. Светлая памяць аб памерлых.

— Радаўніца — тое свята, якое існавала заўсёды, нягледзячы ні на што. Адносна паходжання слова «радаўніца» існуюць розныя меркаванні, — адзначыла загадчыца аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доктар філалагічных навук Таццяна Валодзіна. — Адно з іх — «радаўніца» паходзіць ад слова «радасць». Чалавек радаваўся «сустрэчы» з памерлымі. Гэта сумесная імпрэза з нагоды духоўнага кантакту з прашчурамі, уваскрасення Ісуса Хрыста, веснавога абуджэння прыроды.Таму ў структуру дадзенага свята ўваходзілі не зусім звычайныя элементы, напрыклад — карагоды, якія з’яўляюцца дахрысціянскім рытуалам. І шукаць, што ў Радаўніцы хрысціянскае, а што не, значыць — пакрыўдзіць носьбіта традыцыі.

У некаторых раёнах Беларусі ўжо з велікоднай раніцы (нават адразу пасля Усяночнай) распачыналася наведванне месцаў пахаванняў. Хаця з пункту гледжання афіцыйнай царквы хадзіць на могілкі непасрэдна ў Вялікдзень катэгарычна не ўхваляецца. Лічыцца, што Пасха — свята жывых, а для тых, хто адышоў у вечнасць, існуе асобны дзень — Радаўніца.

Варта адзначыць, што ідэя ўшанавання памерлых, кантакту з імі — вельмі ўстойлівая, але і лакальная ў сваіх канкрэтных формах на Беларусі. Нават суседнія раёны адносна гэтага дня маюць свае звычаі. Яны могуць улівацца ў агульнадзяржаўныя, царкоўныя. Тым не менш уласныя традыцыі — вельмі моцныя.

Аднак калі на ўзроўні дзяржавы быў падтрыманы праваслаўны рытуал ушанавання памерлых на 9-ты дзень (у аўторак так званага Фамінога тыдня), гэтая высакародная ідэя ў пэўнай ступені паўплывала на народныя традыцыі. Калі ўзяць Палессе і паўднёвыя раёны Мінскай вобласці, то тут хо­дзяць на могілкі ў чацвер пасля Вялікадня. Гэты дзень называецца Наўскім вялікаднём, Вялікаднём памерлых, Пасхай мёртвых. У сувязі з увя­дзеннем афіцыйнага дня памінання продкаў дадзены звычай раздзяляецца: могілкі наведваюць у чацвер (каб зрабіць там парадак) і ў аўторак (пасля паніхіды ў царкве). У асобных рэгіёнах на месцы пахаванняў ідуць на другі і дзевяты дзень пасля Вялікадня. Таму традыцыя памінання людзей, якія адышлі ў нябыт, — вельмі стракатая. І сказаць, што ў Беларусі продкаў ушаноўвалі толькі на Радаўніцу, будзе не зусім правільна. Радаўніца — больш афіцыйнае свята. Хаця на паўночнай Віцебшчыне прашчураў памінаюць толькі ў аўторак на Фаміным тыдні.

Веснавы памінальны дзень прыходзіцца на перыяд, калі актыўна працавалі ў полі. Паня­дзелак Фамінога тыдня называўся жывой Радаўніцай, калі стараліся зрабіць максімальны аб’ём земляробчай працы. Лічылася: усё, што пасадзілі ў дадзены перыяд, дасць добры ўраджай. У аўторак з раніцы таксама шмат працавалі, а па абе­дзе ўся сям’я ішла на могілкі. Адсюль і прыказка: «На Радаўніцу да абеду пашуць, у абед плачуць, пасля абеду скачуць».

У асобных месцах Беларусі да памінальнага дня фарбавалі яйкі (але іх не асвячалі). У некаторых рэгіёнах пяклі спецыяльны прэсны хлеб, які называлі «курак» або «курачок». Булкі і яйкі няслі памерлым сваякам. І толькі гэта (!) пакідалі на магілах.

Між іншым святары заўважаюць: меркаванне, нібыта людзям, з моманту смерці родных якіх не прайшоў год, забараняецца фарбаваць яйкі і пячы булкі, з’яўляецца памылковым. Смутак і жалоба па памерлых не могуць захіліць сабой Уваскрасенне Хрыста і не дазволіць адзначаць найвялікшае свята.

…На могілках збіраўся ўвесь мясцовы соцыум. Прыходзілі таксама жабракі, якіх запрашалі памаліцца за спачын душ памерлых і багата адорвалі рознымі пачастункамі.

На Усходнім Палессі і на Віцебшчыне (Докшыцкі раён) існуе цікавы звычай: на Радаўніцу магілы засцілаюць белымі абрусамі. Прычым калі на могілках пахавана шмат членаў сям’і, то пакрываюць надмагілле таго, хто памёр апошнім. Пасля памінання абрусы забіраюць дамоў і захоўваюць да наступнага года.

Усходняя Беларусь вылучаецца традыцыяй свішчыкаў. У памінальны дзень на могілках свісталі ў свішчыкі, зробленыя з бяросты, а таксама вадзілі карагоды, падчас якіх выконвалі песні духоўна-хрысціянскага зместу.

На могілкі насілі зерне, якое сыпалі па магіле або на слупок. Меркавалася, што яго будуць кляваць птушкі, у вобразе якіх вяртаюцца на зямлю нябожчыкі.

Яшчэ адзін звычай, які існуе ў многіх раёнах нашай краіны, — прыносіць на могілкі рушнікі, цюль, стужачкі, якія прывязваюць на агароджу. Дадзеная ідэя абумоўлена традыцыяй спраўляць да Вялікадня абноўку, якую першы раз апраналі на свята. Лічыцца, што новае неабходна не толькі жывым людзям, але і памерлым.

У перадвелікодны перыяд, да чыстага чацвярга, «пераапраналі» аброчныя крыжы. Гэта крыжы, да якіх ідуць з рознымі просьбамі, несучы аброк — хусткі, булкі, яйкі і інш.

Напрыклад, у Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці існуе культ «каменных дзевачак». Па паданні, гэта праклятыя маці дочкі, якія сталі крыжамі. «Дзевачкі» знаходзяцца ў вёсках Даніловічы і Баравое (у адрозненні ад Тураўскага крыжа, які размяшчаецца на могілках). У анфас яны нагадваюць чалавечыя фігуры. Дадзеныя крыжы лічацца цудадзейнымі.

У Вялікую субботу з «каменных дзевачак» здымаюць старое «адзенне» і паляць яго, прыгаворваючы: «Ідзі з Богам усё». На наступны дзень да ўзыходу сонца жанчыны «апранаюць» іх у шмат хустак, спяваючы пры гэтым царкоўныя песні і чытаючы малітвы.

Калі гаварыць пра рытуал памінання на могілках, то ў апошнія гады дадзеная архаічная традыцыя набыла вычварныя формы. У месцах пахавання сталі ладзіцца ў прамым сэнсе застоллі з празмерным ужываннем спіртных напояў. Нядзіўна, што царква і афіцыйныя ўстановы пачалі забараняць такія паводзіны.

— Этнаграфічныя запісы, сотні сведчанняў інфармантаў даюць падставы ўпэўнена сцвярджаць: у склад таго, што нашы продкі насілі на Радаўніцу на могілкі, уваходзіла спіртное. Але ўжыванне алкаголю было сімвалічным актам, — катэгарычна падкрэсліла Таццяна Валодзіна. — Можна бясконца гаварыць пра ролю алкагольных напояў у культуры. На ўзроўні архетыпу. Аднак спажыванне грама (!) спіртнога ёсць рытуал, сцвярджэнне кантактаў з прашчурамі, які сімвалізуе далёкія ад ап’янення сэнсы.

Старыя запісы сведчаць, што раней на надмагілле чарак не ставілі. З пляшкі, якую прыносілі, грамульку адлівалі каля крыжа, трошкі (!) прыгублівалі самі. Таму на Радаўніцу алкаголь прысутнічаў, але ніхто не піў у такой колькасці, як некаторыя робяць зараз. Традыцыю свядома парушаць нельга.

Пасля памінальнага дня перыяд знаходжання нябожчыкаў у свеце жывых заканчваецца. Па правілах, паміж гэтым і тым светам ёсць мяжа. І парушаецца яна толькі адзін раз у год — на Вялікдзень. Затым продкаў трэба праводзіць. Закрытасць мяжы ўзнаўляецца. У некаторых рэгіёнах Беларусі ў гэты час «праводзяць зіму», кадзіруючы такім чынам свае дзеянні.

У дзень святы, у дзень пашаны

продкаў,

Калі з вышынь спускаюцца багі,

Мой травень беларускі самы

звонкі

Люляе водар славы залаты…

Гайдае на арэлях пошум траваў,

Птушыныя сюіты, пацалункі

рэк…

У дзень святы бацькі зноў з намі –

У кожны дзень, адвеку ў век!

АКСАНА КУРБЕКА, кандыдат філалагічных навук, фотаздымкі з архіва Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

author avatar
Zhukouski Kastus
Только самое горячее

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика