Камісія па працоўных спрэчках, куды звярнуліся дзве жыхаркі пасёлку Ацябрскі, прадавачкі з крамы «Родны кут» Вікторыя Рагоўская і Зоя Бандарэнка, стала на іх бок і адмяніла рашэнне мясцовага РАЙПО аб спагнанні з іх 2 млн. 347 тыс. рублёў штрафу.
Нагадаем, падчас праверкі камітэтам дзяржкантролю трох гандлёвых аб’ектаў «Вікторыя», «Родны кут» і «Універсам» у пасёлку быў выяўлены шэраг парушэнняў. У выніку, крамы атрымалі штрафы, але штраф, як юрыдычнай асобе далі і Акцябрскаму РАЙПО. Вось гэты штраф гандлёвая арганізацыя і спрабавала павесіць таксама на прадавачак. Быў выдадзены загад вылічваць штомесяц з заробку прадавачак крам 700 тыс. рублёў цягам трох месяцаў. Усе прадавачкі пагадзіліся, і толькі дзве з іх звярнуліся ў камісію па працоўных спрэчках на незаконнасць рашэння РАЙПО. У выніку, камісія пастанавіла вылічаныя з заробку 700 тыс. прадавачкам не вяртаць, але астатні штраф плоціць само РАЙПО.
Акцябрскія прадавачкі звярталіся па дапамогу да прававога інспектара прафсаюза РЭП Леаніда Судаленкі, які дапамог скласці скаргу ў камісію па працоўных спрэчках і наогул пракансультаваў дзяўчат наконт працоўных правоў.
«Нам вельмі дапамог прадстаўнік прафсаюзу РЭП, — кажа Вікторыя Рагоўская, — перш за ўсё, ён даў нам юрыдычную кансультацыю. Пакуль ты проста працуеш, і няма аніякіх спрэчных пытанняў, ты не цікавішся сваймі працоўнымі правамі, не чытаеш калектыўную дамову. А калі нешта здараецца, і трэба сябе бараніць, ты ня ведаеш, як гэта рабіць, і ў такіх выпадках вельмі карысна дапамога прафсаюза. Прававы інспектар патлумачыў нам парадак вырашэння такіх спрэчак (спачатку зварот у камісію па працоўных спрэчках, а потым, калі трэба — суд), склаў тэкст заявы ў камісію, дзе абгрунтавана выклаў нашую пазіцыю».
«Астатнія супрацоўніцы нашай крамы цяпер шкадуюць, што не далучыліся да нас, не пачалі сябе бараніць, а так лёгка пагадзіліся сплочваць штраф РАЙПО. Цяпер яны пабачылі, што варта было змагацца. І канешне варта выкарыстоўваць і свой уласны прафсаюз. Апынулася, што прадстаўніца нашага гандлёвага прафсаюзу вельмі актыўна адстойвала нашы правы падчас паседжання камісіі».