Неафіцыйныя крыніцы паведамляюць, што польскі ўрад прыняў рашэнне пра змяншэнне датацый на дзейнасць тэлебачання «Белсат» на 2017 год на дзве траціны проці сумы, выдзеленай у 2016-м. Пра гэта піша польскі сайт wpolityce.pl.
Замест 17 мільёнаў злотых (4,2 млн даляраў) «Белсат» атрымае толькі 5 мільёнаў ($1,2 млн), «такое рашэнне рыхтуецца ў Міністэрстве замежных спраў», — пацвердзіла сайту кіраўніца канала Агнешка Рамашэўская.
«Я даведалася таксама, што мы павінны вяшчаць па-расейску, — кажа Рамашэўская. — Гэта яшчэ адзін абсурд! Беларуская мова стала нашым знакам адрознення. Без беларускай мовы мы будзем мець Расею ў Брэсце. Праз год ці праз пяць гадоў, але так ці інакш гэта будзе нявыгадна. Я не магу ўцяміць, як нехта можа гэтага не разумець… Беларусы любяць сваю мову. Наш калега — дырэктар Інстытута Польскага ў Мінску, і ён можа пацвердзіць, што за ўжыванне беларускай мовы яго там на руках носяць — нават расейскамоўныя беларусы. Такая рэальнасць. Менавіта таму рашэнне МЗС для мяне незразумелае. Я спрабую пераканаць сябе, што гэта непаразуменне. Я лічыла сябе прыхільніцай «добрых перамен» і нават не дапускала, што такое можа са мною здарыцца», — кажа Рамашэўская, прыхільніца кіраўнічай кансерватыўнай партыі «Закон і справядлівасць».
Бацька Рамашэўскай, нагадаем, быў сенатарам ад «Закону і справядлівасці».
У сацыяльных сетках супрацоўнікі канала выказваюць меркаванне, што, магчыма, скарачэнне бюджэту ўсё ж складзе толькі 30%, а беларускамоўны фармат яшчэ можа быць захаваны.
«Белсат» быў створаны ў 2008 годзе і паступова павялічваў абсяг вяшчання. Асабліва папулярным быў яго вечаровы навінны блок. У апошнія гады «Белсат» стаў заўважны таксама ў інтэрнэце.
Тэхнічныя супрацоўнікі на канале пераважна палякі, але твары і галасы канала — беларусы. Сярод іх Святлана Калінкіна, Павел Мажэйка, Валярына Кустава.
Беларускія ўлады не спынялі дзейнасці журналістаў тэлеканала, але і не давалі ім акрэдытацыі ды час ад часу штрафавалі навінных рэпарцёраў «Белсата».