Учора, 11 чэрвеня, авіякампанія «Белавія» адкрыла авіязносіны Мінска з Гомелем. Як паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці прадпрыемства Ігар Чаргінец, на летні перыяд ўводзіцца рэйс Мінск-Гомель—Калінінград.
«Сёння з Мінска ляцелі 22 пасажыры, з іх 11 — да Гомеля, а астатнія накіроўваліся транзітам у Калінінград. У Гомелі да тых, хто застаўся, далучыліся яшчэ 36 чалавек», — распавёў Ігар Чаргінец, піша БЕЛТА.
Мінімальны тарыф на пералёт ад Мінска да Гомеля складае 22 еўра, у суму ўключаны налог і новы збор, уведзены 1 чэрвеня ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.
Лятаць з Мінска ў Гомель і далей у Калінінград «Белавія» будзе двойчы на тыдзень на CRJ-100/200, разлічаным на 50 пасажыраў. Усім, хто накіроўваецца толькі да Гомеля, давядзецца прайсці зону дагляду, як і грамадзянам, якія адлятаюць за мяжу.
Ігар Чаргінец нагадаў, што рэгіянальныя авіяперавозкі пасажыраў былі спыненыя ў пачатку 2011 года. У мінулым годзе Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі даручыла авіякампаніі «Белавія» прапрацаваць праект па аднаўленні унутрырэспубліканскіх зносін. Адкрыты сёння рэйс — спроба ацаніць эканамічную мэтазгоднасць палётаў з беларускай сталіцы ў рэгіёны паветраным транспартам. Па выніках сезона ў кампаніі будуць прымаць рашэнне аб тым, ці варта захоўваць рэйс.