Перад судом у Гомелі пастаўлена пытанне – ці з’яўляюцца плацельшчыкі ПДВ “дармаедамі”

Непрацуючы жыхар Гомеля Аляксандр Сямёнаў, прайшоўшы раённую і абласную падатковыя інспекцыі, праз суд вырашыў даказаць удзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Ён аплаціў дзяржпошліну і падаў у суд Цэнтральнага раёна Гомеля скаргу, у якой просіць прызнаць яго ўдзельнікам у фінансаванні бюджэту і не ўжываць да яго палажэнні Дэкрэта №3 пра “дармаедаў”.

50-гадовы гамяльчанін з вышэйшай тэхнічнай адукацыяй некаторы час займаўся бізнэсам у Расеі, аднак абставіны склаліся так, што быў вымушаны вярнуцца дадому. У 2015 годзе работы па спецыяльнасці не знайшоў, сям’я жыла за раней заробленыя грошы.Атрымаўшы “ліст шчасця”, Аляксандр вырашыў пашукаць праўды ў раённай і абласной інспекцыях МПЗ, аднак там толькі развялі рукамі – раз не працаваў, значыць плаці.

“На працягу ўсяго 2015 году я заплаціў зямельны падатак за дачу, больш за мільён рублёў дарожнага збору за аўтамабіль, штомесяц выплачваў ПДВ за карыстанне мабільнай сувяззю, такім чынам, я ўдзельнічаў у фінансаванні дзяржвыдаткаў. Менавіта гэтую пазіцыю я маю намер адстойваць у судзе”, – падзяліўся першы “дармаедскі” суцяжнік.

Аляксандр просіць суд запатрабаваць ад мабільных аператараў “Вэлком” і “МТС” дадзеныя аб штомесячнай выплаце за карыстанне сувяззю, у тым ліку і дадзеныя аб выплачаных ПДВ.

Прававы інспектар прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка, які дапамог гамельчуку скласці скаргу ў суд, адзначае, пакуль судовай практыкі па так званых “дармаедскім” справах няма. Ён дадаў, што варта адрозніваць падаткі ад збораў, спагнанне якіх носіць не бязвыплатны характар, а з’яўляецца умовай здзяйснення ў дачыненні да іх плацельшчыкаў пэўных дзеянняў. Па гэтай прычыне яны папрасілі суд ўсталяваць усе сацыяльныя выгоды, за якія дзяржава выставіла рахунак Аляксандру.

“Прэзідэнцкі Дэкрэт №3 аб “дармаедах” прызнае плацельшчыкамі збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў дзве катэгорыі грамадзян – тых, хто наогул не ўдзельнічаў у такім фінансаванні і тых, хто ўдзельнічаў менш 183 дзён у годзе. З кожнага патрачанага ў краіне рубля, у бюджэт паступае 20 капеек падатку ў выглядзе ПДВ, а гэта значыць, няхай і ўскосна, кожны з нас удзельнічае ў фінансаванні дзяржбюджэту. Што скажа суд, мы даведаемся ўжо ў бліжэйшы час”, – заявіў аб прававой пазіцыі прафсаюзны юрыст.

 

 

 

 

 

gomelspring.org

author avatar
Zhukouski Kastus
Только самое горячее

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика