Падарожжа ў краіну замкаў ад Хопіць піць — трэба жыць

Самыя актыўныя удзельнікі гомельскага дваровага футболу і першых талок па добраупарадкаванні занядбаных радавых пахаванняў слынных Беларускіх родаў, з’ездзілі ў падарожжа ў Нясвіжскі ды Мірскі замкі. Вандроўку ладзіла гомельская інцыяіыва “Хопіць піць — трэба жыць”.

Камфартабельным аўтобусам з экскурсіяй Таццяны Літвінавай — супрацоўніцай Гомельскага палацава-паркавага ансамбля моладзь праехалася па славутых мясцінах Беларусі Гомель-Рэчыца-Бабруйск-Старыя дарогі-Слуцк-Нясвіж-Мір.

Амаль пяць дзясяткаў чалавек, большасць з якіх упершыню былі ў гэтых месцах, за адзін дзень атрымалі столькі ўражанняў, якіх шараговаму беларусу хапае на год. Моладзь пазнаёмілася са славутымі ўладарамі палацаў — Радзівіламі, літаральна дакранулася да тагачаснага побыту знакамітага літвінскага роду, пабывала ў пакоях, дзе ступае нага Чорнай Панны, ды пабачыла веліч сценаў, якія абаранялі літвінаў ад разнастайных захопнікаў.

Сваімі ўражаннямі дзеліцца Аляксей:

Мяне больш за ўсё ўразіла, што ў Беларусі ёсць такая прыгажосць, шчэ больш стаў ганарыцца тым, што тут жыву. Ніколі не бываў у падобных месцах і калі прыехаў, зразумеў, што ехаў не дарма. Лічу, што беларусы павінны ведаць сваю гісторыю і ганарыцца тым, што маем.

Іншы ўдзельнік вандроўкі Павал кажа:

Даўно хацеў наведаць Мір ды Нясвіж, усё ніяк не атрымоўвалася. Хацелася адчуць гісторыю, момант рыцарства, прыцягвалі самі замкі (кожны раз як бачыў у кіно мір — абяцаў сабе туды з’ездзіць). Мяркую, што такія месцы яднаюць беларусаў. Экскурсія натхніла наведаць яшчэ некалькі адкладзеных “месцаў”. Не ведаю, як вы, а мы ўжо плануем наступны турыстычны тур. Хацелася б яшчэ раз падзякаваць арганізатарам.

Дзяўчаты ж, мусіць, па сваёй прыродзе больш блізкія да прыгажосці, пранікліся больш вонкавым хараством замкаў. Вольга адзначае:

Найбольш уразіла веліч абодвух замкаў, з густам абстаўленыя і багата ўбраныя пакоі. Уваходзячы ў браму Нясвіжскага замка я адчула сябе нібыта ў тым часе, здавалася, што зараз вось выйдзе павітацца сам князь. Як і большасць удзельнікаў вандроўкі, планую вярнуцца сюды зноў.

Наступнае мерапрыемства ад “Хопіць піць — трэба жыць” — вандроўка-талака па Лоеўскім раёне 4-6 ліпеня, да якой арганізатары і заклікалі далучацца.

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика