Пад Гомелем судзяць памежнікаў, якія нецвярозымі палохалі аўтаматамі вяскоўцаў

15 мая ў Лельчыцах выязная калегія Гомельскага абласнога суда працягнула разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да двух памежнікаў — старшага лейтэнанта Дзмітрыя Гурава і старшага сяржанта Вячаслава Рамановіча. У лістападзе мінулага года нецвярозыя вайскоўцы ледзь не пастралялі моладзь у вёсцы Мілашавічы.

Асноўнае абвінавачванне Гураву і Рамановічу выстаўлена на падставе часткі 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (асабліва злоснае хуліганства з пагрозай прымянення зброі).

У судзе ўжо далі паказанні многія сведкі з вёскі Мілашавічы, якіх нецвярозыя памежнікі з аўтаматамі прымушалі паважаць іх і падпарадкавацца. Адзін з вяскоўцаў паведаміў: “Начальствам сябе адчулі, дакладней, адчуў — Гураў, галоўны з іх, які старшы. Другі — больш адэкватны. Гарэлка з каньяком сваю ролю адыгралі. Ужо, канечне, ні злосці няма, ні страху — нават крыху шкада іх. Дурні!”

Вечарам 16 лістапада мінулага года начальнік першай мабільнай заставы аддзела пагранічнай службы “Прудок” старшы лейтэнант Гураў і яго падначалены, старшы сяржант Рамановіч, якія ахоўваюць беларуска-ўкраінскую мяжу, зайшлі ў Мілашавічах у бутэрбродную. Выпівалі з нагоды нараджэння сына ў сям’і сяржанта.

Малады вясковы настаўнік Сяргей зайшоў з хлопцамі ў бутэрбродную і паглядзеў у бок памежнікаў, якія сядзелі за столікам з непаўналетнімі школьніцамі. Ахоўнікам мяжы гэта не спадабалася, і яны ўсчалі слоўную перапалку. Гураў, каб паказаць, хто гаспадар становішча, выклікаў узброеную падмогу — прыехалі на машыне яго падначаленыя, прывезлі зброю.

Вакол “уазіка” памежнікаў сабралася шмат маладых вяскоўцаў. Узброеныя аўтаматамі Гураў і Рамановіч заскочылі ў бутэрбродную, чым напалохалі ўсіх, хто там яшчэ заставаўся. Убачыўшы рэальную пагрозу, загадчыца кафэ патэлефанавала ў міліцыю. Да страляніны не дайшло. Але ў дачыненні да памежнікаў распачалі крымінальную справу па факце злоснага хуліганства.

У зале суда старшы лейтэнант і сяржант сядзяць за кратамі. Са службы ні Гурава, ні Рамановіча пакуль не звольнілі. У Гомельскай пагранічнай групе гэта растлумачылі так: “Пытанне пра звальненне будзе вырашацца на аснове судовага рашэння. Калі іх асудзяць, то ў нас будзе падстава іх звольніць з тае прычыны, што іх прыцягнулі да крымінальнай адказнасці. А пакуль гэтых падставаў няма”.

БелаПАН

author avatar
Zhukouski Kastus
Только самое горячее

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика