«Боінг-777» упаў на тэрыторыі Украіны, у 60 кіламетрах ад расійскай мяжы. На борце самалёта «Малайзійскіх авіяліній» знаходзілася, як мяркуецца, 295 чалавек — 280 пасажыраў і 15 членаў экіпажа. Усе яны загінулі, паведамляе ИТАР-ТАСС са спасылкай на «Украэрарух» (Украэранавігацыя).
Намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка сцвярджае, што самалёт быў збіты баявікамі з ліку сепаратыстаў Данецкай і Луганскай «народных рэспублік». Паводле яго сцвярджэння, самалёт быў збіты з зенітна-ракетнага комплексу «Бук». Паводле папярэдняй інфармацыі, баявікі Данбаса маглі прыняць пасажырскі Боінг за самалёт АН-26 украінскай арміі.
«Толькі што над Торезам тэрарыстамі з ласкава перададзенага Пуціным зенітна-ракетнага комплексу «Бук» быў збіты грамадзянскі самалёт Куала-Лумпур — Амстэрдам. Сёння раніцай мясцовымі патрыётамі было зафіксавана перасоўванне гэтага комплексу з боку Торэза ў Снежнае» — напісаў намеснік міністра Герашчанка на сваёй старонцы.
Па сцвярджэнні ваеннага эксперта, кіраўніка «Цэнтра ваенна-палітычных даследаванняў» Дзмітрыя Тымчука, украінскія вайскоўцы з складу сілаў АТА не маюць у зоне правядзення аперацыі сродкаў СПА.
«Міністр абароны» самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» Ігар Стралкоў у 16.50 па кіеўскім часе апублікаваў на сваёй старонцы паведамленне, што апалчэнцы збілі чарговы самалёт АН-26 у раёне Тарэза. Аднак паведамленняў аб падзенні самалёта АН-26 не паступала. Разам з тым, у гэты ж час (у 16 гадзін) знікла сувязь з пасажырскім Боінгам.
Па іншай версіі, агенцтва УНІАН са спасылкай на крыніцу ў Міністэрстве абароны паведамляе, што непадалёк ад маршруту малазійскага Боінга пралягаў маршрут украінскага ваенна-транспартнага ІЛ-76, які накіроўваўся для скіду грузаў блакаваным украінскім войскам. Выказваецца версія, што менавіта ўкраінскі ІЛ-76 мог быць мэтай СПА.