П’янымі сепаратыстамі былі расстраляныя чацвёра маладых людзей у горадзе Бранка.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Луганскай абласной арганізацыі Усеўкраінскага аб’яднання «Свабода».
Са слоў відавочцы, прычынай сваркі і расстрэлу стала тое, што тыя паміж сабой павіталіся «Слава Украіне». Двух маладых хлопцаў (22 і 24 гадоў) забілі, яшчэ двое ў цяжкім стане ў шпіталі.
«Сітуацыя беззаконня і тэрору, якую разгарнулі на Луганшчыне сепаратысты з падачы Крамля, не можа працягвацца. Цалкам відавочна, што апошні ў задачы ставіць знішчэнне чаго-небудзь украінскага на ўсходніх тэрыторыях украінскай дзяржавы. Гэта абвастрэнне планамернай доўгачасовай акупанцкай агоніі, калі за ўкраінскія лозунгі акупанты і іх памагатыя гатовыя фізічна знішчаць украінскае. Вораг, які прыйшоў на нашу зямлю або выявіўся тут у форме пятай калоны, павінен разумець: прабачэння яму не будзе. Бязладдзе і бязмежжа, якія пасеяныя гэбістамі на нашай зямлі, у бліжэйшы час скончацца. За ўсе злачынствы давядзецца адказаць», — адзначыў старшыня Луганскай абласной арганізацыі ВА «Свабода» Арцём Заіка.
У паўднёва-ўсходніх абласцях Украіны з пачатку сакавіка праходзяць справакаваныя Расеяй акцыі сепаратыстаў. Эпіцэнтрамі хваляванняў сталі абласныя цэнтры і шэраг буйных гарадоў, адміністрацыйныя будынкі, якія перыядычна бяруць пад кантроль дыверсанты і баевікі. СБУ атрымала доказы, што імі кіруюць прадстаўнікі расейскіх спецслужбаў і ГРУ.
Антытэрарыстычная аперацыя на ўсходзе краіны пачалася ў сярэдзіне красавіка. Вярхоўная Рада Украіны дазволіла прысвойваць статус удзельнікаў баявых дзеянняў сілавікам, якія задзейнічаныя ў антытэрарыстычнай аперацыі.