У ходзе археалагічных раскопак у Жлобінскім раёне вызначана, што ля вёскі Ніжняя Алба сем тысяч год таму назад існавала вялікае старажытнае паселішча. Яно адносіцца да таго часу, калі людзі на тэрыторыі Беларусі перайшлі да аселага ладу жыцця, пачалі вырабляць гліняны посуд і зрабілі першыя спробы займацца земляробствам.
На землях рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Смычок» ёсць невысокі ўзгорак. Гэта – рэшткі паселішча, якое адносіцца да першабытнаабшчыннага часу. Яно існавала 6 – 7 тысячагоддзяў таму назад, у каменным веку. А дакладней – у неаліце, апошнім перыядзе каменнага веку.
Раскопкі вядзе Ігар Мікалаевіч Язэпенка – старшы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук (на здымку – з левага боку), з памочнікамі. Сёлетні цёплы верасень спрыяе даследаванням.
Пры раскопках знойдзена шмат фрагментаў глінянага посуду. Гліняны посуд людзі пачалі вырабляць у новым каменным веку – неаліце, які на на тэрыторыі Беларусі пачаўся ў V тысячагоддзі да нашай эры. Самыя раннія са знаходак – грубыя і без арнаменту – як раз і адносяцца да V тыс. да н. э. (на здымку – з левага боку). Знаходкі, якія ўпрыгожаны арнаментам, больш познія – яны належаць да IV тыс. да н. э. На здымку яны пасярэдзіне і з правага боку (дзяленне маштабнай шкалы – 1 см).
Посуд з такім арнаментам выраблялі плямёны, якія навукоўцы адносяць да днепра-данецкай археалагічнай культуры.
Выяўлены і шматлікія вырабы з крэмню. Некаторыя з іх – на гэтым здымку: наканечнікі стрэл (першыя два з левага боку) і скрабок. Прадмет, які на здымку з правага боку, археолагі называюць «мікраўкладыш» – такія ўкладышы ўстаўляліся ў аправу, і атрымлівалася рэжучая прылада працы – напрыклад, серп.
У ходзе раскопак вызначана, што паселішча існавала ў новым каменным веку –неаліце, які на тэрыторыі Беларусі цягнуўся з V па ІІІ тысячагоддзе да н. э. Гэта быў час, калі нашы далёкія продкі перайшлі ад вандроўнага да аселага ладу жыцця, паспрабавалі займацца земляробствам і жывёлагадоўляй, навучыліся ткацтву. Плошча паселішча вялікая, таму раскопкі мяркуецца працягваць некалькі год. Даследчыкі лічаць, што тут могуць быць атрыманы важныя звесткі аб першым аселым насельніцтве на тэрыторыі нашай краіны ў старажытнасці.
Тэльман Маслюкоў