Настаўніца музыкі звальняецца, бо кіраўніцтва прымушае купляць лятарэйныя квіткі

Скрыпачка Вольга Наўгародзкая кажа, што адміністрацыя Слонімскай дзіцячай школы стварыла для яе невыносныя ўмовы працы. Адміністрацыя заяўляе, што прычына прэтэнзіяў — не ў лятарэйных квітках і прымусовай падпісцы, а ў парушэньні працоўнай дысцыпліны.

Вольга Наўгародзкая

Скрыпачка Вольга Наўгародзкая публічна расказала, як адміністрацыя ў іхняй школе абыходзіцца з пэдагогамі. На сайце «Газеты Слонімскай» Вольга апублікавала адкрыты ліст, у якім распавядае, як у школе пэдагогаў прымушаюць купляць лятарэйныя квіткі і прымусова падпісвацца на дзяржаўныя выданьні.

Вольга нават вымушаная была напісаць заяву на звальненьне, бо ня можа больш працаваць у такіх умовах.

У лісьце выкладчыца дзіцячай школы мастацтваў Вольга Наўгародзкая распавяла пра тое, як яна не ўпісалася ў дзейную пэдагагічную сыстэму.

З Вольгай Наўгародзкай гутарыць карэспандэнт Свабоды.

— Спадарыня Вольга, вы адна зь нямногіх, хто рашыўся так галосна абвясьціць пра сваю нязгоду з парадкамі, усталяванымі адміністрацыяй школы. Тым ня менш вы яшчэ працуеце ў школе мастацтваў — ці зьмянілася стаўленьне да вас з боку адміністрацыі пасьля выхаду артыкула?

— Са мною нарэшце пачалі нармальна размаўляць, перасталі падвышаць на мяне голас — гэта, відаць, пакуль адзіная рэакцыя з боку адміністрацыі нашае школы. Магчыма, гэта дзякуючы артыкулу ў СМІ, а магчыма, папросту зразумелі, што са мною так нельга паводзіць сябе, хоць я ўвесь час прапаноўвала: давайце будзем прыстойнымі ў адносінах адзін да аднаго. Але гэта ня мела ніякага ўзьдзеяньня, увесь час знаходзіліся нейкія прычэпкі.

— І як, думаеце, справы будуць складацца ў далейшым?

— Ведаеце, я напісала заяву на звальненьне ў сувязі са створанымі адміністрацыяй умовамі працы, якія несумяшчальныя з творчым працэсам. Я цяпер працую і баюся, калі крокі набліжаюцца за дзьвярыма. Баюся, што зноў нехта прыйдзе і пачне на мяне за нешта крычаць, патрабаваць нейкія подпісы, справаздачы і г.д. Пасьля таго як я адмовілася набываць лятарэйныя білеты, пачаўся з боку адміністрацыі на мяне такі непрыгожы ціск, які было цяжка псыхалягічна перанесьці. Мне ў жніўні адмовіліся працягваць кантракт, калі я запатрабавала патлумачыць: чаму павінна набываць лятарэйны білет? А мне адказалі: каб ня страціць сваё працоўнае месца. Я тады адрэагавала, што гэта прыніжальна. А мне з-за гэтага не працягнулі кантракт. Праўда, пазьней адыгралі ўсё назад.

Цяпер на маю заяву адрэагавалі адмовай — маўляў, не патлумачаныя прычыны. Тады я напісала другую заяву, дзе канкрэтызавала, як на мяне чыніцца ціск і якія канкрэтна ўмовы, несумяшчальныя з творчым працэсам, для мяне ствараюць.

— І што канкрэтна вы напісалі?

— Па-першае, я напісала, што для мяне не маглі на працягу некалькіх гадоў знайсьці месца для заняткаў па панядзелках, хаця я працую ў школе толькі тры дні. А з прычыны недахопу памяшканьняў заняткі мне ставілі ў выходны дзень. Узгадала выпадкі, калі да мяне чапляліся за тое, што сыходзіла з школы, калі на заняткі не прыходзілі з прычыны хваробы дзеці. Узгадала незразумелыя «чытаньні маралі» ў кабінэце завуча, а потым яшчэ і вымовы за тое, што спазьнілася на заняткі, хоць сам завуч чытаў у гэты час мараль у кабінэце. Даходзіла вось да такога маразму… У мяне пачало балець сэрца апошнім часам, я пачала дрэнна спаць. У прынцыпе, таму і вырашыла напісаць заяву.

— Ці скардзіліся вы ў якія-небудзь інстанцыі на дзеяньні адміністрацыі?

— Я напісала скаргу ў Інспэкцыю аховы працы і распавяла пра тое, які ціск на працы на мяне чыніць адміністрацыя, як фабрыкуюць дакумэнты, чаму мяне пазбавілі грашовай надбаўкі і г.д. Але адказу мушу чакаць цэлы месяц.

— А як жа вашы вучні?

— Насамрэч я за гэты час усіх сваіх вучняў палюбіла, у мяне добрыя адносіны з бацькамі, яны ўсе мяне падтрымалі ў гэтай сытуацыі, і ўсім ім дзякуй вялікі. Але я так далей таксама не магу. У мяне ў галаве ня ўкладваецца — за што да мяне такое стаўленьне і цкаваньне? Няўжо толькі таму, што я адмовілася купляць гэтыя білеты? А вось, маўляў, хто купіў, тых не чапаем, тыя добрыя. Але я так не магу…

— А як жа вашы калегі? Іх у школе працуе 45 чалавек, і ўсе яны купляюць лятарэі, падпісваюцца на газэты. Як яны паставіліся да вашай пазыцыі?

Некаторыя мае калегі казалі, што падтрымліваюць мяне, але, маўляў, дзеля дзетак, каб іх вучыць, трэба ўсё гэта цярпець

— Было вельмі дзіўна, калі ў сувязі з гэтай сытуацыяй у школу прыйшоў журналіст, і мае калегі, якія заўсёды ў цёплых са мною адносінах, перад дырэктарам і завучам пачалі казаць тое самае, што і іх начальства, прыніжаць мяне… Дзіўнае стаўленьне, калі чалавек лічыць, што можна накрычаць на іншага, прымусіць яго нешта рабіць з пазыцыі сілы. Я перакананая, што ў творчым калектыве такога быць не павінна. Магчыма, такое можа быць у папраўчай калёніі, але і там людзі. Ды нават жывёліна лепей разумее ласкавае слова, чым крык, запалохваньне — дзеля гэтага нават псыхалёгію і пэдагогіку вучыць не патрэбна. Некаторыя мае калегі казалі, што падтрымліваюць мяне, але, маўляў, дзеля дзетак, каб іх вучыць, трэба ўсё гэта цярпець…

— Вы ня сталі цярпець, і …

— Я ўжо даведалася, як пісаць да прэзыдэнта, і хачу задаць яму наўпрост пытаньне, каб мне патлумачыў — чаму мы павінны абавязкова набываць гэтыя лятарэйныя білеты? Магчыма, я нечага не разумею ў дадзенай сытуацыі, і калі мне гэта аргумэнтавана патлумачаць, то гэта іншая справа.

— Спадарыня Вольга, вось вы звольніцеся зараз з працы, пойдзеце працаваць у іншае месца. А ці задаваліся вы пытаньнем — а там будзе інакш?

— Ня ведаю. Я ўсё ж маю надзею, што ў гэты няпросты час нешта зьменіцца, адменяць гэтую прынудзілаўку зь лятарэямі і падпіскамі. Цяпер, калі бацькі своечасова ня плацяць за навучаньне дзіцяці ў нашай школе, то настаўнікаў пазбаўляюць прэміяльных. Ну як так можа быць? А потым некаторыя настаўнікі пачынаюць казаць дзецям: як так, твае бацькі пазбавілі мяне прэміяльных… Я была на сустрэчы з нашым дэпутатам Алай Сопікавай, яна абяцала, што будзе дамагацца зьменаў у сыстэме адукацыі.

— Вы, напэўна, цяпер перажываеце даволі складаныя часы. А ці ёсьць у вас якая падтрымка?

— Мяне падтрымлівае мой муж. Ён добра валодае сытуацыяй, бо некалькі гадоў таму з тых самых прычын звольніўся з гэтае школы. А пасьля публікацыі мне пішуць і тэлефануюць часам зусім незнаёмыя людзі і выказваюць сваю падтрымку. Так што я не засталася адна ў гэтай сытуацыі.

«Мы купляем лятарэйныя білеты, падпісваемся на газэты, бо мы ж людзі дзяржаўныя»

З дырэктарам школы Натальляй Мазец пагутарыць не ўдалося, бо яе працоўны тэлефон не адказваў. А вось завуч дзіцячай школы мастацтваў Мікалай Клімукпракамэнтаваў сытуацыю для Свабоды. Сказаў, што ў матэрыяле ёсьць моманты, якія датычаць і яго асабіста. Але, па ягоных словах, усё, што напісана ў лісьце Наўгародзкай, гэта няпраўда:

«Уся праблема ў тым, што гэтая настаўніца папросту парушала дысцыпліну, — сказаў Мікалай Клімук. — Два гады маладога спэцыяліста папросту ўпрошвалі, а потым прыйшлі чатыры афіцыйныя акты за тры месяцы: заўвага, вымова і яшчэ раз вымова. А ў артыкуле ўсё зводзіцца да таго, што нібыта яе прымушалі купляць лятарэйныя білеты. Мы купляем лятарэйныя білеты, падпісваемся на газэты, бо мы ж людзі дзяржаўныя, працуем у дзяржаўнай школе. Яна адмаўлялася гэта рабіць, праўда, яна не адна адмаўлялася. Вядома, і дырэктару, і завучу гэта трохі непрыемна, але гэта не праблема.А праблема палягае ў тым, што яна парушала дысцыпліну, спазьнялася на працу. І калі пачынаеш ёй пра гэта казаць, што вы працуеце настаўніцай і павінны своечасова прыходзіць на працу, — пачынае адказваць, што вы да мяне чапляецеся, бо я не купіла лятарэйныя білеты. Яна напісала заяву аб звальненьні, прычынай пазначыла тое, што адміністрацыя стварае ёй невыносныя ўмовы для працы. Мы гэтай заявы не падпісалі, бо ўсё гэта няпраўда, яна працуе далей. Сёньня ў нас быў сход працоўнага калектыву, людзі абмяркоўвалі артыкул, і ніводзін чалавек не заступіўся за яе, бо ўсё напісанае — няпраўда. Вось такая думка калектыву».

 

 

 

svaboda.org

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика