Вядуцца работы па перапампоўванню звадкаванага газу ў парожнюю ёмістасць, паведамляе БелаПАН.
У чацвер, 12 чэрвеня ў 15.30 ратавальнікі атрымалі паведамленне пра здарэнне на трасе Гомель-Кобрын каля Жыткавічаў. Грузавы аўтамабіль «Вольва» з прычэпам-цыстэрнай з’ехаў у кювет, у выніку чаго перакулінася машына і перакуліўся прычэп, у якім было 17,6 тоны звадкаванага газу.
Паводле інфармацыі прэс-службы МНС Беларусі, кіроўца 1957 года нараджэння з’яўляецца грамадзянінам Польшчы. Ён ехаў у Беласток. Работнікі хуткай дапамогі адправілі кіроўцу ў шпіталь для абследавання. Таксама ў яго возьмуць аналіз крыві, каб вызначыць ступень ап’янення. Папярэдні замер пароў алкаголю ў выдыханым паветры кіроўцы паказаў гранічна высокае ўтрыманне алкаголю.
Работнікі МНС залілі месца здарэння пенай, каб стварыць вакол аўтамабіля падушку. Пасля заканчэння работ перавернутая цыстэрна будзе пастаўлена ў транспартнае становішча.