На месцы масавых расстрэлаў плануюць забудову

Паводле генеральнага плана забудовы Гомля на месцы ляску ля воінскай часткі Ляшчынец, уздоўж вул.Бырыкіна плануецца пабудаваць каля 10 шматпавярховікаў. Гэта інфармацыя была агучана на пачатку 2015г. Жыхарам раёну прапанавалі ўзяць удзел у абмеркаванні гэтага пытання. Супраць будаўніцтва выказалася 76 чалавека, за — 16. Першапачаткова, людзі былі занепакоены тым, што пад будаўніцтва высекуць усе дрэвы і непазбежна пагоршыцца экалагічная абстаноўка ў раёне, які прылягае да прамзоны (Хімзавод і Цэнтраліт).

Нечакана на дапамогу жыхарам, якія выступаюць супраць забудовы на месцы ляска, прыйшла гісторыя. Высветлілася, што імаверна на месцы гэтага леса адбываліся расстрэлы ахвяраў палітычных рэпрэсій 30-х гадоў, а таксама ахвяры фашыстаў падчас акупацыі. Адпаведная інфармацыя змешчана ў даведцы супрацоўнікаў Палацава-паркавага ансамблю, якая была падрыхтаваная па даручэнню гарвыканкама: » У 1937 годзе каля вайсковай часткі, якая месцілася ў Ляшчынецкім лесе знаходзіўся канцэнтрацыйны лагер, дзе ўтрымліваліся т.зв. «ворагі народу». Імаверна, што ў лагеры ўтрымліваліся не толькі жыхары Гомля, але і суседніх раёнаў. Апроч таго, падчас акупацыі Гомля нямецкімі карнікамі (1941-43 гг.) у Ляшчынцы праводзіліся масавыя расстрэлы мірнага насельніцтва і хавалі ваеннапалонных, якія памерлі ў канцлагеры, які месціўся ў раёне сучаснай плошчы Паўстання. Па дадзеным Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці на 3-м і 6-м кіламетры Рэчыцкай шашы (Ляшчынецкі лес) усяго было пахавана 25 тыс. чалавек».

Мясцовы жыхар Сяргей Ганчароў, які жыве  ля вайсковай часткі з 1945 г. прыгадвае, што напрыканцы 50-х гадоў пад будаўнічыя патрэбы ў ляску выкапалі кар’ер каб браць пясок.  «Я бачыў як працаваў экскаватар, -распавядае сп.Ганчароў, — грузіў пясок, раптам абрынулася цэлая сцяна кар’ера і пасыпаліся чарапы і косткі. Упалі на коўш экскаватара. Што стала далей з гэтымі парэшткамі людзей я не ведаю. Але цяпер я пачаў паглыбляцца ў гэтую трагічную гісторыю нашага гораду. Вось, напрыклад, чытаю шматлікія кнігі «Памяці», дзе ёсць звесткі па ўсім рэпрэсаваным. Увесь час сустракаю фармулёўку «Такі — та такі расстраляны ў Гомлі». А дзе менавіта ў Гомлі, ці не ў гэтым лесе, які зараз збіраюцца забудоўваць? Ну як гэта так, ляжаць яны тут расціснутыя, закатаваныя, расстраляныя, усе ж нашы людзі, і яўрэі, і рускія, і беларусы. Усе гэта трэба агучваць і ў такіх месцах ставіць помнікі памяці, каб людзі маглі прыйсці, пакласці кветкі, пастаяць, памянуць расстраляных тут, а не пускаць іх косткі пад будоўлю. Атрымліваецца другі, трэці раз забіваем?»

Цяпер слова за чыноўнікамі, ці палічаць яны неабходным  ушанаваць памяць дзясяткаў тысячаў нявінных ахвяраў таталітарных сістэмаў. Адных намаганняў грамадскасці ў гэтым напрамку відавочна недастаткова. І варта прыгадаць старажытную ісціну: народ, які не памятае свайго мінулага, не мае і будучыні.

 

 

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика