Мініятурны замак Вітаўта паўстаў у гарадзенскім парку

Аўтары хочуць пабудаваць зменшаную мадэль усяго старога гораду.

Тым часам, як на Старым замку ў Горадні трываюць раскопкі, якія маюць папярэднічаць рэканструкцыі, у парку Жылібера ўжо паўстаў Замак Вітаўта – няхай і ў мініятуры, паведамляе «Белсат«.

Аўтары ідэі і стваральнікі мадэлі – Сяргей і Наталля Більдзюк. Мастакі ўжо некалькі год гарэлі ідэяй стварэння гарадской «старуўкі» у мініятуры ды абівалі парогі чыноўнікаў – але безвынікова. Дапамог выпадак: вырашыў дапамагчы ўладальнік парку атракцыёнаў побач. Справа закруцілася і …за пару летніх месяцаў паўстаў замак, у якім аўтар зараз даводзіць апошнія штрыхі.

«Горадня мае вельмі багатую гісторыю, – кажа Наталля, – але шмат будынкаў ужо страчана. Таму мы першапачаткова і хацелі аднавіць увесь цэнтр – з Ратушай, Фарай Вітаўта і г.д. Людзі маюць ведаць сваю гісторыю, бо нават зараз да нас падыходзяць і пытаюцца: «Гэта Мірскі замак?.». «Не, Гарадзенскі» «Праўда? А быў такі?.». Крыўдна, што сказаць».
Мадэль замку зробленая з апрацаваных сілікатных блокаў. Такі выбар матэрыялу абумоўлены эканамічнымі прычынамі.

Было б больш сродкаў, як кажуць мастакі, можна было б зрабіць будынкі пустымі ўнутры, усталяваць падсветку і г.д. Тым не менш замак будзе дапрацаваны: з’явяцца мадэлі гарматаў ды сілуэты абаронцаў у байніцах.

Сяргей Більдзюк прызнаецца, што калі пачынаў сваю працу, то карыстаўся польскім варыянтам рэканструкцыі Замка Вітаўта, створаным перад вайной. Зараз жа раскопкі адкрылі новыя дэталі выгляду, таму копія атрымалася не зусім дакладная.

«Шмат пытанняў узнікала па стылістыцы, – распавядае Сяргей, – Якая была кладка? Які дах? Наколькі я ведаю, нават гісторыкі дакладна пакуль не скажуць, як выглядаў Стары замак. Таму тут ёсць пэўны элемент нашай фантазіі: макет не навуковы, а разлічаны на дзяцей».

Наталля з усмешкай узгадвае, што дзецям куды больш падабалася, калі ў «замкавым двары» была купа пяску – яго ўспрымалі як пясочніцу. У перспектыве ж унутры міні-замку найхутчэй будзе зробленая імітацыя брукаванкі з маленькіх каменчыкаў.

Да заканчэння працаў засталіся лічаныя дні: супрацоўнікі парку яшчэ маюць насыпаць замкавую горку, а таксама мае з’явіцца мост, які вядзе да бранай вежы.

Зменшаныя копіі замкаў ды гістарычных будынкаў – папулярная ва ўсёй Еўропе тэма. Напрыклад у Львове існуе цэлы «Парк замкаў», дзе, між іншым, ёсць і беларуская Камянецкая вежа, а ў Кіеве – парк «Кіеў у мініяцюры». Поўна падобных паркаў у Польшчы ды Прыбалтыцы.

У Беларусі ж, як мы бачым, мода як на самі замкі, так і на іх мініятурныя копіі толькі набірае абароты.

 

 

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика