https://youtu.be/Pcu7OXHDjO4
Ціск на незалежнага журналіста Кастуся Жукоўскага працягваецца. Гэтым разам фрылансэр атрымаў позву ў Цэнтральны суд Гомля. Суд мусіць папярэдне разгледзець справу пра абарону годнасці, гонару і дзелавой рэпутацыі, якія нібыта парушыў Жукоўскі ў дачыненні начальніка Лоеўскага РАУСу Уладзіміра Бухаўцова.
Як вынікае з позвы, Бухаўцоў абразіўся на Жукоўскага праз тое, што на нашым тэлеканале выйшаў відэасюжэт з удзелам міліцыянта ды інфармацыяй пра ягоныя неправамерныя дзеянні адносна фрылансера. Міліцыянт патрабуе ад журналіста зняпраўдзіць інфармацыю, выкладзеную ў сюжэце, ды сплаціць маральную кампенсацыю памерам 2 тысячы рублёў.
КАСТУСЬ ЖУКОЎСКІ:
«Я разам з Аляксеем Атрошчанкавым здымаў на падставе Канстытуцыі. У той жа час сам працаўнік міліцыі парушыў закон, брутальна закінулі Аляксея ў аўтамабіль, пашкодзілі абсталяванне. Потым нас завезлі ў РАУС, дзе мяне збілі за тое, што я патрабаваў выконваць закон, і цяпер супраць мяне яшчэ і позва».
21-га чэрвеня ў Лоеве ў часе здымання сюжэту для нашага тэлеканалуКастуся Жукоўскага разам з Аляксеем Атрошчанкавым брутальна затрымалі міліцыянты. Ужо ў РАУСе на журналістаў надзелі кайданкі, выкручвалі рукі, кідалі на падлогу і збівалі нагамі. Пазней пра такі гвалт з боку міліцыі адносна мясцовых жыхароў распавялі і самыя лоеўцы.
КАСТУСЬ ЖУКОЎСКІ:
«Па факту мы бачым – у Лоеве злоўжыванне службовым становішчам, як у адносінах да мяне, гэтак і ў адносінах да Аляксея Атрошчанка і да шмат да каго. А начальнік міліцыі не адказвае».
Не адказваў на тэлефанаванні нашага тэлеканалу начальнік Лоеўскага РАУСу і сёння – у аддзеле ўнутраных справаў патлумачылі, што Уладзімір Бухаўцоў на нарадзе ў райвыканкаме.
КАСТУСЬ ЖУКОЎСКІ:
«У любым выпадку ўсе павінны маўчаць. І гэты зыск – акурат гэта пацверджвае».
Ціснуць на фрылансера і ягоную сямʼю не толькі працаўнікі міліцыі, але і падаткоўцы. Днямі жонка Жукоўскага Алена атрымала ліст, у якім падатковая інспекцыя папрасіла запоўніць дэкларацыю за апошнія 10 гадоў. Спадарыня Алена гэта зрабіла ды напісала прыкладны кошт аўтамабілю, які сямʼя набыла ў 2012 годзе. Аднак падаткоўцы ўбачылі ў гэтым парушэнне заканадаўства.
АЛЕНА ЖУКОЎСКАЯ, ЖОНКА КАСТУСЯ ЖУКОЎСКАГА:
«Да мяне прыйшоў другі ліст, у якім яны мяне запрасілі, а па прыходзе паказалі гатовую пастанову аб тым, што я няправільна запоўніла дэкларацыю ды далі мне 5 базавых штраф».
Фізічны ціск – не адзіныя інструменты, якія ўлады выкарыстоўваюць у дачыненні незалежных журналістаў. Сёлета на фрылансераў Ларысу Шчыракову і Кастуся Жукоўскага склалі ўжо 10 пратаколаў на агульную суму больш за 70 мільёнаў недэмінаваных рублёў. Больш за 50 мільёнаў з гэтай сумы пастанавілі сплаціць Кастусю Жукоўскаму. Пасля чарговай адміністратыўнай справы ў красавіку журналіст на знак пратэсту супраць гэтага ціску нават зашыў сабе рот.
АЛЕГ АГЕЕЎ, ЮРЫСТ БАЖ:
«Сапраўды, тут можна ўгледзіць нейкі мэтанакіраваны ціск на гэтых двух асобаў, якія рабілі гэтыя сюжэты».
Сёлета штрафы фрылансерам апошні раз былі зафіксаваныя ў красавіку. Аднак затрыманні не спыніліся – за гэты год праваахоўнікі 13 разоў перашкаджалі журналістам выконваць прафесійныя абавязкі.
Віталь Бабін, «Белсат», фота: Леанід Судаленка