«Лёгкі» тарыф выклікаў пратэст таксоўшчыкаў у Гомелі

З 1 лютага гомельская служба таксі «Аўтаміг 181» увяла ў дзённы час аблегчаны тарыф на перавозку пасажыраў. Гэта выклікала пратэст у кіроўцаў — многія адмаўляліся працаваць паводле «лёгкага» тарыфу, а паўтара дзясятка чалавек скасавалі зь фірмай свае дамовы на супрацоўніцтва.

Кіраўнік аддзелу транспарту «Аўтаміга 181» дзівіцца такому дэмаршу кіроўцаў, бо лічыць, што зьмяншэньне платы за падачу таксоўкі на 5 тысяч рублёў — ня тая сума, каб страйкаваць. Акцыя ж робіцца дзеля гараджанаў, прычым дзейнічае яна нават ня цэлыя суткі, а ўсяго сем гадзін — з 10.00 да 17.00:

«Цяпер, калі далёка ня ўсім гараджанам жывецца соладка, мы вырашылі падтрымаць насельніцтва, падтрымаць прадпрымальнікаў, якія страйкуюць. Людзі ня так шмат зарабляюць, таму мы й праводзім такую акцыю».

Арганізатар перавозак лічыць, што з-за пяці тысяч ня варта шум падымаць, бо за гэткія грошы цяпер нават бохан хлеба ня купіш.

Самі таксоўшчыкі не пагаджаюцца з такімі тлумачэньнямі.

«Гэтая акцыя, па сутнасьці, праводзіцца за наш кошт. Апэратар перавозак ня зьменшыў нам абанэнцкую плату — яна так і засталася мільён 200 тысяч. Няхай бы сказаў: хлопцы, зьмяншаем вам плату на дзьвесьце тысяч, а вы ўжо са свайго боку бярыце з пасажыраў на пяць тысяч менш за пасадку ў таксі і на тысячу менш за кілямэтар шляху. Але ж нас ніхто ня чуе. У „Аўтамігу“ паступаюць проста: ня згодны з расцэнкамі — дамова аўтаматычна касуецца», — тлумачыць сытуацыю кіроўца Андрэй.

На думку кіроўцы, дыспэтчарскай арганізацыі варта было ўзгадніць зьмену тарыфаў з самімі перавозчыкамі. І рабіць гэта трэба было да 26 студзеня — дня, калі бярэцца папярэдняя аплата:

«Мы ж ня сталі больш зарабляць. У нас падатак з сакавіка павялічваецца, унёсак у фонд сацыяльнай абароны ўжо вырас. Нам жа ніхто нічога не скідае, ніякай ільготы не дае».

Яшчэ адзін кіроўца, які не схацеў афішаваць сваё імя, дадае:

«У лютым у нас заўсёды цяжка з заказамі. І што „Аўтаміг“ абвясьціў такую акцыю, пасажыраў не дабавіць. Хто карыстаўся таксоўкамі, той і будзе карыстацца. Я ж асабіста губляю на гэтай акцыі за дваццаць дзён працы каля паўтара мільёна рублёў. Падлічым. У дзень я выконваю прыкладна дзесяць заказаў, палова зь іх паступае ад абанэнтаў, а палова — не. У сярэднім я губляю на адной замове сем з паловай тысяч рублёў, за дзень — 75 тысяч.За дваццаць дзён — паўтара мільёна. Такая вось арытмэтыка».

Таксоўшчыкі, якія страцілі цэнтралізаваныя замовы на паслугі таксі, бяз працы, вядома, не застануцца. Яны альбо пяройдуць да іншага дыспэтчара, альбо самі працуюць «ад крайка» — гэта значыць, ад любога прыпынку.

Некаторыя перавозчыкі наагул лічаць, што зьмяншэньне на 5 тысяч платы за падачу таксоўкі і на тысячу — за кілямэтар паездкі, — звычайны прамоўшэн дыспэтчарскай фірмы, бо нейкай рэальнай эканоміі пасажыру гэта не прынясе. Паездкі ж у горадзе на таксоўцы абмяжоўваюцца 5–10 кілямэтрамі.

 

svaboda.org

author avatar
Zhukouski Kastus
Только самое горячее

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика