Колькі жывуць мужчыны і жанчыны ў краінах свету пасля выхаду на пенсію

Пасля ўчорашняй нарады ў Аляксандра Лукашэнкі стала канчаткова ясна, што пенсійны ўзрост у Беларусі дакладна будзе павялічаны. На сённяшні момант мужчыны афіцыйна сыходзяць у адпачынак у 60 гадоў, а жанчыны – у 55.

Існуе тры варыянты, як жа будзе павялічаны пенсійны век – 65 і 60, 63 і 60, 63 і 58 гадоў для мужчын і жанчын адпаведна.

Праціўнікі павышэння пенсійнага веку часта выкарыстоўваюць аргумент: маўляў, каб павысіць узроставы бар’ер, трэба спачатку, каб у краіне ўзрасла працягласць жыцця. Што вы на немцаў ківаеце, калі тыя жывуць па 85 гадоў, а нашы мужчыны ледзь да 60 дажываюць.

«Наша Ніва» вырашыла зірнуць лічбы, колькі ж у сярэднім жывуць мужчыны і жанчыны па ўсім свеце пасля выхаду на пенсію.

Мы грунтаваліся на звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя за 2013 год, калі глядзелі чаканую працягласць жыцця ў розных краінах.

Варта заўважыць, што ва ўсім свеце жанчыны жывуць даўжэй за мужчын. Толькі ў дзвюх афрыканскіх краінах сярэдні век прадстаўнікоў абодвух палоў роўны – Нігер (па 59 гадоў) і Малі (па 57). Толькі на адзін год у сярэднім жанчыны перыжываюць мужчын у Катары (80 і 79) і Кувейце (79 на 78), на два – у Бахрэйне і Брунэі.

А вось у нашым рэгіёне жанчыны жывуць значна даўжэй за мужчын. У Беларусі гэта розніца складае аж 11 гадоў, у Літве і Расіі – 12, у Эстоніі, Украіне і Латвіі – па 10, у Малдове – 9, у Польшчы – 8.

У Заходняй Еўропе гэтая розніца не такая катастрафічная. Звычайна яна складае ад 3 да 6 гадоў.

За апошнія 20 гадоў вырасла сярэдняя працягласць жыцця як беларусаў, гэтак і беларусак. У 1995 годзе мужчына ў нашай краіне пражываў у сярэднім 63 гады, цяпер – 67,8. У жанчын за гэты самы часавы прамежак лічбы выраслі з 74,3 да 78,4.

Сярод еўрапейскіх краін сярэднюю працягласць жыцця, меншую, чым у Беларусі, маюць Азербайджан (выхад на пенсію ў 62 для мужчын і ў 60 для жанчын), Украіна (60 і 57), Арменія (63 гады і для мужчын, і для жанчын), Малдова (62 і 57) і Расія (60 і 55).

Фактычна для ўсёй Еўропы сёння ўжо норма, што мужчыны выходзяць на пенсію ў 65 гадоў, а ў некаторых прынятыя праграмы паступовага павелічэння гэтага ўзросту да 67 (Данія, Харватыя, Францыя, Германія, Галандыя, Польшча). Рэкардсменамі могуць стаць ірландцы, дзе ад 2028 запланаваны выхад на пенсію аж у 68 гадоў.

Беларускія жанчыны абсалютныя рэкардсменкі ў Еўропе па працягласці жыцця на пенсіі – аж 23 гады. Вышэйшыя паказчыкі маюць толькі азіяцкія краіны – Японія, Паўднёвая Карэя і В’етнам. І нават у выпадку павелічэння пенсійнага ўзросту беларускія жанчыны ўсё адно павінны застацца аднымі з лідараў у Еўропе, бо, як было сказана вышэй, у краінах Еўрасаюза таксама ідзе праграма па павелічэнні пенсійнага веку.

А вось у мужчын Беларусі ў гэтым плане зусім бязрадаснае становішча. У сярэднім наш мужчына пражывае ўсяго 7 гадоў, у Заходняй Еўропе – 13—16. Калі пенсійны ўзрост павялічыцца да 65, то ўвогуле атрымаецца 2 гады – менш толькі ў Казахстане і Туркменістане. У апошняй краіне сярэдні ўзрост мужчын увогуле не даходзіць да пенсійнага веку.

 

 

gazetaby.com

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика