Прадстаўнікі службы бяспекі банка звярнуліся ў міліцыю з просьбай дапамагчы знайсці кліента, якому касірка памылкова выдала 45 млн рублёў.
Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ГУУС Менгарвыканкаму.
Інцыдэнт меў месца ўдзень 30 студзеня. У касу банка зайшоў мужчына з мэтай абмену 5500 даляраў ЗША на беларускія рублі. Касірка, здзяйсняючы валютна-абменную аперацыю, памылілася, у выніку чаго перадала кліенту на 45 млн беларускіх рублёў больш, чым патрэбна.
Справа ў тым, што падчас разліку касірка замест 5 млн рублёў памылкова перадала кліенту 50 млн рублёў. У сваю чаргу мужчына, які ладзіў абмен, не пералічыўшы атрыманых сум, паклаў купюры ў партфель і пакінуў аддзяленне банка.
Нястача выявілася праз некалькі гадзін.
З заявай аб дапамозе ў вышуку кліента ў Маскоўскае РУУС звярнуліся прадстаўнікі службы бяспекі банка. Наяўная камера відэаназірання зафіксавала мужчыну, якому памылкова выдалі лішнюю суму.