У «Інстаграме» папулярнага гурта «BRUTTО» зʼявілася фота пасведчання на арганізацыю канцэрту ў гомельскім лядовым палацы 29 кастрычніка.
Дазвол на канцэрт выдала галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкаму. Заяўленая пляцоўка можа прыняць 4900 чалавек.
Дагэтуль праект вядомага беларускага артыста Сяргея Міхалка «BRUTTO» яшчэ не выступаў у Беларусі – фанатам даводзілася ездзіць на канцэрты ў Літву, Польшчу ці Украіну.
У жніўні ідэолагі дазволілі фінальны канцэрт музычнага конкурсу «Заспявай 3.0» з удзелам Лявона Вольскага ў адной з менскіх кавярняў. Але ў сам дзень выступу там знянацку абвесцілі санітарны дзень і арганізатары мусілі перанесці імпрэзу на іншую пляцоўку.