19 чэрвеня ў Гомелі наўпрост каля філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі фальклёрны гурт «Vuraj» зладзіў канцэрт. Пачуць выступ мелі магчымасць любыя мінакі.
Малады калектыў, заснаваны ў 2010 годзе, прэзентуе па краіне альбом «Раёк», які выйшаў у Кіеве на лэйбле «Наш фармат» за грошы сяброў музыкаў з Прагі. «Вурай» экспэрымэнтуе з аўтэнтычным спеўным матэрыялам, ствараючы новыя творы адмысловага гучання. Чароўнае перапляценне вобразаў беларускай міфалогіі і аўтарскага бачання фальклёру надаюць непаўторнае адценне і самабытнасць гурту.
«Rajok» — першы студыйны і наогул трэці альбом гурта, у яго ўвайшлі 9 фолк-кампазіцый. Кружэлка рыхтавалася цягам двух гадоў і складаецца, з большага, з летніх “жніўных” песень. У новым альбоме можна пачуць толькі жывыя акустычныя інструменты: скрыпка, флейта, кантрабас, гітара, барабаны, гармонік ды разнастайныя жалейкі.
Уласная інфармацыя ТВ