Гомельскія каталікі штодня моляцца за мір ва Украіне

pray«Калі ў сэрцах нянавісць і хлусня, тады ўсё пойдзе па евангельскім сцэнары: патрабуем Варраву, а не Ісуса».

У гомельскай рыма-каталіцкай парафіі з трывогай сочаць за сітуацыяй, якая разгортваецца на Паўднёва-Усходзе братэрскай Украіны. У адзінстве з Папам Францішкам аб міры ва Украіне гомельскія каталікі маліліся падчас вулічных баёў і сутыкненняў на Еўрамайдане ў Кіеве, падчас супрацьстаяння ў Крыме. І цяпер, калі пачаўся ўзброены канфлікт украінскай арміі з тэрарыстамі, якія дзейнічаюць на Паўднёва-Усходзе Украіны, калі ў Адэсе і на Данбасе масава гінуць людзі, калі паўстала рэальная пагроза вайны ў суседняй краіне, у гомельскім касцёле штодня моляцца за ўкраінскі народ.

2 мая ў Адэсе ў ходзе сутыкненняў загінулі больш за 40 чалавек, на Данбасе гінуць як ваенныя, так і баевікі, і мясцовыя жыхары, паведамляе УНІАН.

— Цэнтральным пунктам гэтых дзён з’яўляецца таямніца Пасхі. І адна з інтэнцый нашых малітваў — Украіна, якая зараз перажывае свой цяжкі час і мае патрэбу ў Божай ласцы. Калі ў сэрцах нянавісць і хлусня, тады ўсё пойдзе па евангельскім сцэнары: патрабуем Варраву, а не Ісуса, — кажа пробашч парафіі айцец Славамір.

Таксама гомельскія каталікі заклікаюць усіх вернікаў у сваіх асабістых малітвах прасіць Бога аб міры ва Украіне, аб прымірэнні паміж яе грамадзянамі, аб тым, каб іншыя дзяржавы не садзейнічалі развязванню вайны ў гэтай краіне, каб Гасподзь абараніў ўкраінскі народ і дапамог мірна, без далейшага кровапраліцця вырашыць ўсе палітычныя пытанні, даў мудрасці кіраўнікам дзяржаваў.

katolik-gomel

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика