Фрылансер з Гомеля, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Кастусь Жукоўскі будзе праз суд дамагацца ад кіраўніцтва ААТ “Будаўніча-мантажны трэст №27” інфармацыі аб працы існуючай на прадпрыемстве прафсаюзнай арганізацыі. Пачаць судовую цяжбу яго вымусіў ідэолаг 27-га трэстаМікалай Сугак, які адмовіўся распавесці журналісту пра прафсаюзныя клопаты над будаўнікамі.
Выконваючы дасудовы парадак урэгулявання спрэчкі, К. Жукоўскі звярнуўся да генеральнага дырэктара прадпрыемства Леаніда Анціпенка.
“З’яўляючыся журналістам-фрылансерам, кіруючыся канстытуцыйным правам на атрыманне інфармацыі, я звярнуўся да галоўнага ідэолага 27-га трэста па пытанні працы існуючай тут прафсаюзнай арганізацыі. Той заявіў, што паступіла ўказанне не даваць ніякай інфармацыі канкрэтна мне, Канстанціну Жукоўскаму”, — паскардзіўся журналіст.
Адмову ў прадастаўленні інфармацыі ён лічыць неканстытуцыйнай, ушчамляючай права на атрыманне інфармацыі. Акрамя таго, журналіст нагадаў пра крымінальную адказнасць за перашкоду законнай прафесійнай дзейнасці журналіста (артыкул 198 Крымінальнага кодэкса). Таксама журналіст хоча ведаць, чаму менавіта яму на прадпрыемствах адмаўляюць у інфармацыі.
Трэба адзначыць, напрыканцы жніўня бягучага года ідэолагі Чыгуначнага раёна Гомеля разаслалі тэлефанаграму кіраўнікам прадпрыемстваў з просьбай паведамляць пра актыўнасць незалежных журналістаў.
фотаздымак: baj.by/ru
У дакуменце паведамлялась, што Белсат і БАЖ “не зʼяўляюцца акрэдытаванымі дзяржаўнымі сродкамі масавай. У выпадку звароту да вас і да вашых працаўнікоў з просьбай даць інтэрвʼю просім неадкладна інфармаваць аддзел ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі”, – гаворылася ў паведамленні.