Гамельчук Улад Касцючэнка здабыў перамогу ў адкрытым турніры па футбольным фрыстайле «Вежа» ў Віцебску.
Мастацтва віртуознага валодання мячом дэманстравалі 13 спартоўцаў з Мінска, Гомеля, Брэста, Полацка і Новалукомля. Суддзямі выступілі прафесійныя футбольныя фрыстайлеры з Мінска, Кіева і Санкт-Пецярбурга. Па выніках кругавых батлаў у фінальным спаборніцтве кубак пераможцы турніру дастаўся гамельчуку. За тры гады заняткаў фрыстайлам Уладзь ужо выпрацаваў свой уласны індывідуальны стыль, і ўсе ягоныя выступы былі, як звычайна, відовішчнымі, пішуць ГВ.
Дарэчы, у асяроддзі футбольнага фрыстайла Уладзіслаў добра вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. І зусім хутка, у жніўні, адправіцца на чэмпіянат свету ў Прагу. Пажадаем яму ўдачы.
Невялікае інтэрв’ю Уладзіслава Касцючэнкі адразу пасля заканчэння турніру:
— Хочацца паказаць фрыстайл з боку мастацтва, творчасці, а не проста як набор трукаў. Многія фрыстайлеры супраць такога падыходу, але мая мэта — кожны раз дзівіць публіку нечым новым, таму імкнуся шукаць натхненне ў чымсьці яшчэ, у танцах напрыклад. Прафесійна нічым не займаўся, але прасіў паказаць знаёмых хлопцаў-брэйкдансераў і акрабатаў нейкія трукі, каб выкарыстоўваць у сваіх выступах. Нешта ўжо выкарыстоўваю, а нешта дапрацоўваю – пакуль баюся іх рабіць.
Займацца фрыстайлам прафесійна пачаў 3 гады таму. Да гэтага спрабаваў нешта рабіць, але так – для сябе. Затым сустрэў у Гомелі іншага фрыстайлера, і разам мы пачалі мэтанакіравана трэніравацца, з’явілася спаборніцкая цікавасць… Я хачу дасягнуць поспеху, хачу займаць першыя месцы і атрымліваць кубкі, таму імкнуся займацца кожны дзень. У сярэднім трэніроўка доўжыцца тры гадзіны: часам больш, часам менш, па ўсялякаму бывае, але фрыстайл не адбірае ўвесь вольны час. У мяне шмат сяброў, мы спяваем з імі, у нас ёсць гітары, барабаны. Мы не займаемся музыкай прафесійна, але і не на прымітыўным узроўні.
Мне не патрэбныя талісманы альбо рытуалы – я зараджаюся ад саміх спаборніцтваў. Крычу перад выхадам, скідаю ўсё з галавы — і наперад!
Фрыстайл – гэта новыя сябры, якія мяне матывуюць, магчымасць часам зарабіць, і падарожжы. Цяпер як раз збіраюся на чэмпіянат свету па футбольным фрыстайле ў Чэхію.
Самае галоўнае – фрыстайл змяніў мае думкі. Я самасцвярджаюся, раблюся больш упартым. У сваёй будучай прафесіі, якую я выбяру, буду гэткім жа мэтаскіраваным, як і ў фрыстайле. А можа, я буду трэніраваць іншых.