11-16 сьнежня ў гарадах Льеж і Брусэль (Бельгія) пройдзе Форум маладых творцаў “Music and Life”. Праграма форуму заахвочвае маладых музыкаў выкарыстоўваць інавацыйныя мэтады ў сфэры рэклямы й піяру, а таксама разьвіваць нацыянальную музычную культуру. Форум зьбярэ дзеячоў у сфэры музычнай культуры зь Беларусі, Францыі, Расеі, Нямеччыны, Польшчы, Бельгіі, Гішпаніі й Чэхіі. Удзельнікі змогуць атрымаць карысную інфармацыю ад кваліфікаваных сьпікераў з галіны шоў-бінэсу з Амэрыкі й Францыі.
У межах праграмы ўдзельнікі зь Беларусі падрыхтуюць даклад на тэму “Сучасная беларуская музыка: рэаліі й пэрспэктывы”, па выніках якога будзе сфармаваны Статут Форуму, рэкамэндацыі зь якога будуць накіраваныя ў Міністэрства культуры Беларусі. Удзельнікі змогуць падняць пытаньні прасоўваньня творчасьці ў сучасных інфармацыйных рэаліях, дзейныя вэктары самарэклямы й самапіяру, агульнанацыянальныя праблемы ў сфэры музычнай культуры, а таксама абмеркаваць гэтыя тэмы з замежнымі калегамі.
Да ўдзелу запрашаюцца музыкі, культуролягі, журналісты, мэнэджэры, рэклямшчыкі ды г.д. ва ўзросьце ад 16 да 55 гадоў.
Каб прыняць удзел, неабходна даслаць праз эл. адрас: MZ_production@tut.by CV і матывацыйны ліст з пазнакай у тэме “Міжнародны Форум”.
Арганізатары кампэнсуюць выдаткі на пражываньне, харчаваньне й падарожжа.
Апошні тэрмін падачы заявак: 25 кастрычніка 2015 г.
Паводле adukacyja.info