Талака — экспедыцыя ў Лоеўскі раён

На працягу ліпеня Гомельская моладзевая краязнаўчая грамадская арганізацыя «Талака»даследавала традыцыйную культуру Лоеўскага раёна —  На пачатку  сумесна з  сябрамі ініцыятывы «Хопіць піць -Трэба жыць» 4–6 ліпеня  зладзілі вандроўку — талаку па Левабярэжжу  Дняпра, дзе знаходзяцца Страдубскі і Карпаўскі сельсаветы Лоеўскага раёна  а  10–22 ліпеня даследавалі Правабярэжжа. На тэрыторыі Лоеўскага раёна няма мастоў, праўда, дзейнічае паромная пераправа. У Лоеве зліваюцца рэкі Сож і Дняпро. Другі бераг – ужо тэрыторыя Украіны. Бліжэйшы памежны пераход знаходзіцца ў г.п. Камарын Брагінскага раёна, што не стала перашкодай для ўкраінскіх удзельнікаў экспедыцыі. Хлопцы зацікавіліся Беларуссю, арганізавалі ў Кіеве размоўны клуб беларускай мовы і вось, прыехалі даследаваць беларускую традыцыйную культуру.

Як паведаміла намесніца старшыні «Талакі» Марыся Тульжанкова, талакоўцы ставілі адной з мэтаў экспедыцыі пошук звестак пра даўнейшыя Русалле і Купалле, маючы намер аднавіць гэтыя старажытныя святы ў асяродку зацікаўленай моладзі. Жывых сведкаў поўных варыянтаў абрадаў у раёне знайсці не атрымалася, хаця яшчэ ў 1980-я гг. тут зафіксаваны поўныя апісанні абрадавых дзеянняў з песнямі. Вялікую даследчую працу праводзіла ў 1970-х – 1980-х гг. Валянціна Бераснева, якая заснавала ў Лоеве вакальны гурт «Жывіца» і шукала па вёсках для яго рэпертуар. Дзякуючы яе працы мы маем сцэнары святаў Русалле і Купалле, зробленыя на аўтэнтычным мясцовым матэрыяле. Элементы сцэнічнага ўвасаблення абрадаў захаваліся ў рэпертуары фальклорнага гурта з в. Лутава. Провады Русалкі носьбіты традыцыі ў Лоеўскім раёне прыгадваюць, хоць і не могуць падрабязна распавесці, як яны адбываліся. Абрадавае дзеянне прымяркоўвалася да розных святаў вяснова-летняга цыклу і часам супадала з Купаллем. У такім выпадку Купалле-Русалле магло адбывацца прыкладна ў такой паслядоўнасці: моладзь ішла да жыта, раскладала там вогнішча. Потым ганялі па полі Русалку – дзяўчыну, апранутую ў старое адзенне. Злавіўшы, забіралі ў карагод. Пасля хлопцы станавіліся шэрагам па адзін бок ад вогнішча, а дзяўчаты – па другі. Дзяўчаты кідалі хлапцам свае вяночкі, тыя лавілі і кідалі назад. Такім чынам складаліся пары, якімі моладзь і разыходзілася па хатах.

Уразіў вялікім рэпертуарам гурт «Лутава», названы ад вёскі, пры клубнай установе якой утварыўся. Бабулі спелі больш за 40 песень, і тое, кажуць, большую палову не паспелі. Калектыву 27 гадоў, на пачатку было 8 удзельніц, той жа, першапачатковы, склад і застаўся, толькі трох спявачак ужо няма сярод жывых… З тых пяці, што спяваюць у гурце і цяпер, тры жывуць у суседняй вёсцы Глушэц. Менавіта з Глушца паходзяць калядныя і пазаабрадавыя песні, якімі бабулі падзяліліся з талакоўцамі. Клуб у Лутаве зачынілі, таму бабулі цяпер рэпетуюць дома ў кіраўніцы гурта Тамары Сяргееўны Шапавал. Варта адзначыць вялікую ролю работнікаў культуры ў захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны Лоеўскага раёна: менавіта ад людзей, якія былі ўдзельнікамі ці кіраўнікамі фальклорных калектываў, атрымана найбольш інфармацыі па абрадах і песнях.

Што да артэфактаў традыцыйных рамёстваў, то большая іх частка збераглася не ў хатах вясковых жыхароў, а ў музеях пры ўстановах культуры. Вялікую калекцыю традыцыйнага тэкстылю для Лоеўскага музея бітвы за Днепр у 1990-х гг. сабраў Анатоль Сініла, краязнаўца, што нарадзіўся ў в. Бывалькі Лоеўскага раёна. Крыху менш за 2 гады ён прабыў дырэктарам музея, але паспеў узняць на Лоеўшчыне сапраўдны фальклорны рух: музей ажыў, моладзь прыходзіла на вячоркі, ладзіла выступы… Такая актыўнасць не спадабалася мясцовым уладам, і краязнаўцу давялося з’ехаць з родных мясцін. Цяпер ён жыве ў вёсцы Багушэвічы Бярэзінскага раёна, дзе адзначыўся супрацоўніцтвам з музеем старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук, для якога дапамог сабраць выдатную калекцыю бярэзінскага традыцыйнага адзення. Што да традыцыйнага строю Лоеўшчыны, то захаваліся адносна познія кашулі і фартухі, вышытыя крыжыкам ці адвольнай гладдзю, саяны з крамной тканіны. Сярод самых старых рэчаў – двухкаляровыя клятчастыя андаракі. Судзячы па музейных зборах, у раёне былі развіты пляценне з розных матэрыялаў, ганчарства, выраб посуду з дрэва, шматнітовае ткацтва, вышыўка гладдзю і крыжыкам, вязанне карункаў. Да сённяшняга дня жанчыны старэйшага пакалення практыкуюць вышыўку гладдзю, вышыўка крыжыкам носіць хутчэй сучасны характар (вышываюцца сюжэтныя выявы па схемах). Іншых рамёстваў у жывым бытаванні не выяўлена. Як і па ўсёй Гомельшчыне, уражвае разнастайнасць драўлянага аздаблення хат. Традыцыйныя прыёмы ўпрыгожвання жылых пабудоў выкарыстаны і ў дэкоры месцаў для гандлю на мясцовым кірмашы.

Па невялікай колькасці запісаных танцаў можна судзіць аб разнастайнасці традыцыйнай танцавальнай культуры Лоеўшчыны. Усе распаўсюджаныя на тэрыторыі Беларусі танцы набывалі тут мноства лакальных варыянтаў. Іх памятаюць як інфарманты 1920-х гг. нараджэння, так і маладзейшыя, 1950-х гг. Ад Марыі Мікітаўны Шацілы 1922 г. н. быў запісаны мясцовы вальс, які складаўся з шэрагу кален з цікавымі назвамі, сярод якіх «Мяцёлачка» і «Абман». Гэты танец мае вялікі патэнцыял для пераймання маладзейшым пакаленнем мясцовай супольнасці: штогод у маі, перад выпускным вечарам, у Лоеве праводзіцца конкурс «Свята вальсу», у якім удзельнічаюць навучэнцы старэйшых класаў мясцовых школ. Акрамя таго, у раёне дзейнічае дзіцячы фальклорны гурт «Фэст», шматразовы прызёр фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня».

Аднымі з пераймальнікаў традыцыйнай культуры Лоеўскага раёна стануць цяпер і сябры «Талакі». Матэрыялы, сабраныя ў экспедыцыях, яны рупліва апрацоўваюць і выкарыстоўваюць як навучальны матэрыял падчас гурткоў і майстар-класаў, кладуць у аснову рэканструкцыі традыцыйных святаў Гомельшчыны.

 Фота з экспедыцыі можна паглядзець тут і тут.

 Алена Ляшкевіч, livingheritage.by

Закрепите на Pinterest

Translate »
Яндекс.Метрика