Дзяды́ (Дзень памяці продкаў) — славянскі народны памінальны абрад.
У сучаснай Беларусі праваслаўныя адзначаюць Дзімітраўскую памінальную суботу ў першую суботу перад 8 лістапада. Каталікі ўспамінаюць усіх памерлых вернікаў 2 лістапада. Пачынаючы з 30 кастрычніка 1988 году Дзяды набылі грамадзкую значнасць — штогод адбываецца шэсце на Курапаты ў памяць пра ахвяраў камуністычнае ўлады.
На тэрыторыі Гомельшчыны шмат сумнавядомых месцаў, звязаных з масавымі растрэламі мірных грамадзян у часы камуністычнай і фашысцкай дыктатуры, адно з іх — «ЛЕС СМЕРЦІ».
Такі назоў атрымаў лясны масіў, які пачынаецца ад ускрайку Навабеліцы й цягнецца ўздоўж Чарнігаўскай шашы.
Менавіта ў гэты лес з 1920-х і да пачатку 40-х гадоў карнікі з НКУС вазілі растрэльваць мірных грамадзян (па словах жыхароў навакольных весак, па заключэннях удзельнікаў архіалагічных раскопак і па выніках незалежнай экспертызы).
Па самым сціплым падлікам у гэтым лесе было расстраляна больш за 25 тысяч мірных грамадзян…
Спачатку стралялі тых, хто меў іншае паходжанне «из дворян», потым — хто добра працаваў і хацеў, каб дзеці добра харчаваліся і апраналіся, «кулакоў», потым усіх «по разнорядке», гэта значыць — быў план колькасці зліквідаванных ворагаў народу. Калі НКВДысты не выконвалі колькасныя паказчыкі, то іх саміх растрэльвалі дзеля «выполнения покозателей».
У сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя на некаторых месцах масавых растрэлаў былі ўсталяваны пакутныя (памятныя) крыжы ахвярам таталітарных рэжымаў.
Дэмакартычныя актывісты г. Гомеля напрацягу шэрагу гадоў на Дзяды наведваюць «Лес смерці», прыбіраюць лісце каля крыжоў, фарбуюць іх і моляцца, каб гэта не паўтарылася.
У гэтым годзе 1 лістапада плануецца прыборка крыжоў і памятная малітва.
Наведайце і Вы гэтыя месцы, памяніце бязвінна забітых, памаліцеся за іх, бо гісторыя часам любіць нагадаць пра сябе сваім паўтарэннем тым, хто не памятае яе…